Валерый паскардзіўся ў Threads, што ў Гродне амаль няма турнікаў і спартыўных пляцовак для дарослых. Некаторыя старыя знеслі, а новае спартовае абсталяванне так і не з’явілася. Мужчына лічыць, што ў Гродне абмежаваны магчымасці для аматараў спорту, якія старэйшыя за 30 гадоў.
Валерый звярнуў увагу, што ў Гродне дэмантавалі некаторыя турнікі вышэй за 4 метры, а спортпляцоўкі «зраўнялі з зямлёй».
«Са спартзалаў толькі трэнажорныя і больш ніякіх. Гімнастычныя, што ёсць — туды нельга, школьныя пляцоўкі насамрэч такія сабе. Нядзіўна, што людзі бухаюць. Тут проста нічога няма — і гэта сумна», — лічыць гродзенец.
Заўважае Валерый і тое, што ў горадзе амаль няма пляцовак для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту. Скейт-парк у Каложскім парку нядрэнны, але маленькі - з рампамі па пояс. «Гадоў 10 таму пад мастом каля Савецкай быў вялізны скейт-парк з высокімі рампамі. Яго знеслі, таму што добрае месца для паркоўкі», — наракае гродзенец.
Валерый дадае, што варкаут пляцоўкі, якія будуюцца ў новых раёнах — маленькія і слабыя. Сам ён займаецца паркурам, таму хоча бачыць у горадзе пляцоўкі больш вялікага памеру і вышэйшыя турнікі.
«Раней алкашоў ганялі, зараз спартсменаў»
У каментарах меркаванні гродзенцаў раздзяліліся. Адны лічаць, што спартыўных пляцовак у горадзе хапае, іншыя — падтрымліваюць Валерыя.
«Мала сёння спартыўных пляцовак у Гродне? Стадыён цэнтральны, амаль ва ўсіх дварах футбольныя палі. У новых дамах, якія растуць як грыбы пасля добрага дажджу, такія пляцоўкі абсталяваны высокімі платамі і не перашкаджаюць ні пенсіянерам, ні дзеткам», — лічыць zinaida19180.
«Чаму школьныя нельга? У нас шмат дарослых займаюцца на школьных [пляцоўках — рэд.]. Гродна, Вішнявец прыязджайце — і турнікаў досыць розных», — выказваецца olushidevonrex.
«Раней на любую школьную спортпляцоўку можна было прыйсці і хоць павісець на брусах ці пабегаць. Цяпер блін выганяюць з новых, тыпу школьная зона. Раней алкашоў ганялі, зараз спартсменаў», — піша olisbor.
«Лядовыя палацы ж пабудавалі? Пабудавалі. Басейн у Мінску адкрылі? Адкрылі. Чаго вам яшчэ не хапае? — жартуе ihars_simple_pleasures.
Дзе на вуліцах Гродна пазаймацца спортам?
Аматары варкауту распрацавалі спецыяльную карту Гродна, дзе пазначаны кропкі для заняткаў спортам на вуліцы. Пляцоўкі падзелены на катэгорыі ў залежнасці ад памеру і тыпу турнікоў.
Маленькія
- Лесапарк Пышкі, сцежка здароўя
- Бульвар Ленінскага камсамола, пляцоўка каля ліцэя № 1
Сярэднія (пляцоўкі ля школ і гімназій)
- Вул. Вольгі Соламавай, 155
- Вул. Пралетарская, 69
- Вул. Ліможа, 11
Вялікія (пляцоўкі ля школ і гімназій)
- Вул. Вольгі Соламавай, 76
- Вул. Рэпіна, 17
- Вул. Крамко, 29
Чытайце таксама: Трэніроўкі на вуліцы ў Гродне: дзе можна займацца спортам з крутымі хлопцамі