Гродзенец прайшоўся па веласцежках новага мікрараёна Грандзічы, параўнаў, як яны абсталяваныя ў розных месцах, і зняў усё на відэа. Больш за ўсё пытанняў, не лічачы месцаў, дзе веласцежкі няма зусім, выклікала самая «свежая» пабудова ў квартале Грандзічы-23.

«Хвалепадобная херня»

У будучым квартале Грандзічы-23 веласцежку і пешаходную сцежку падзялілі. Аўтар відэа з нікам lazy.world.spectator ў TikTok здзівіўся, навошта было рабіць «хвалепадобную херню» (плаўнае адвядзенне веласцежкі ў бок ад пешаходнай), дапусціўшы, што, магчыма, перашкаджаюць знакі.

Велодорожки в Грандичах в Гродно
Веласцежка ў новым квартале Грандзіч. Скрыншот відэа lazy.world.spectator

«Паводле новых нарматываў веласцежкі варта размяшчаць бліжэй да праезнай часткі вуліцы. Так віляе веласцежка для таго, каб звесці зону пераходу праезду, ды і ў транспарту, які паварочвае, больш часу ўбачыць веласіпедыста, калі ён знаходзіцца далей ад праезнай часткі», — растлумачыла яму карыстальніца juliechka__. Таксама ў каментарыях была версія, што такім чынам веласіпедыстаў прымушаюць зніжаць хуткасць, бо ў гэтым месцы ёсць ухіл дарогі і шмат уездаў на паркоўку.

Акрамя гэтага хлопца абурыла, што на веласцежцы ўмантаваныя каналізацыйныя люкі і няма дрэнажу пры тым, што ёсць перапады рэльефу і можа назапашвацца вада. У каментарыях прапанавалі версію, што люкі на веласцежцы размяшчаюцца праз тое, што вельмі шмат сетак праходзіць пад зялёнай зонай, ад якіх таксама трэба выконваць нарматыўную адлегласць, і не ўсе сеткі могуць змясціцца ў зялёнай зоне.

Разам ці асобна?

Хлопец заўважыў, што паверхня асфальту веласцежкі «трошкі крываватая». І ён, і некаторыя каментатары сышліся на тым, што бацькі з каляскамі будуць хадзіць па веласцежцы, а не па пешаходнай, дзе заснулае дзіця будзе прачынацца праз вібрацыю на плітцы і пакрыцці для людзей з аслабленым зрокам. «Будуць мамашы, якім пляваць на знак веласцежкі». «У нас на раёне агульная сцежка, падзелена паласой. 99% пешаходаў ходзяць па сваёй палове. Чаму ў Грандзічах будзе наадварот?», — паспрачаўся з аўтарам відэа каментатар Аляксей. «Падзяляць іх неабходна. І штрафаваць за хаджэнне па веласцежках», — лічыць Sasha_lennon.

Згодна з пашпартам аб’екта, будаўніцтва «Грандзічы-23» плануюць завяршыць у трэцім квартале 2025 года.

Веласцежка, пабудаваная ў Грандзічах раней, аўтара відэа цалкам задавальняе: яна роўная, без выгінаў, аддзелена ад пешаходнай сцежкі паласой газона з асвятленнем і туямі. Веласцежка праходзіць далей ад праезнай часткі. Аўтар абураецца, чаму ў розных месцах таго ж новага раёна розная канцэпцыя веласцежак. «Дзе ўніфікацыя?»

Далей, за падземным пераходам пад чыгуначнымі шляхамі, у бок Дзевятаўкі веласцежка і пешаходная таксама падзеленыя і пакрытыя адпаведна асфальтам і пліткай, але праходзяць усутыч.

Падзеленыя, адведзеная «хваляй», ідзе побач. Як у новым мікрараёне Гродна вырашаюць пытанне з веласцежкай
Веласцежка ў бок Дзевятоўкі. Скрыншот відэа lazy.world.spectator

Канец «роварнай цывілізацыі»

«Літаральна 100−150 метраў - і з роварнай цывілізацыі мы трапляем у раён, дзе нічога няма», — каментуе аўтар відэа суседнюю Дзевятоўку, дзе ёсць пешаходная сцежка, а веласцежка ідзе толькі па Дзяржынскага. «Менавіта ў такой сітуацыі, дзе веласіпедысту сапраўды дзецца няма куды, нашы любімыя пешаходы крычаць: „Чувак, мы сыдзем з вашых веласцежак, калі вы сыдзеце з пешаходных“. (…) Усё, што пабудавана гадоў 12−15 таму, нават 10 гадоў таму, не мае прадугледжаных веласцежак у горадзе Гродна, і будаваць іх асабліва не збіраюцца». Праўда, бардзюры ўсё ж панізілі, адзначае ён.

Веладарожкі ў Грандзічах і Дзевятоўцы ў Гродне
Ходнік на Дзевятоўцы. Скрыншот відэа lazy.world.spectator