У Гродне абвясцілі новы конкурс на распрацоўку перадпраектнай дакументацыі для парку на Фолюшы. Паводле планаў, у парку будзе некалькі пляцовак для адпачынку, нестацыянарнага гандлю, веладарожкі, алеі, пітныя фантанчыкі, паркоўка.

UPD 24 снежня. Ужо паўгода ў Гродне не могуць выбраць распрацоўніка дакументаў для парку на Фолюшы. На першую закупку ніхто не заявіўся. З другой выбралі мінскае ТАА “ЭКСПЕРТЭНЕРГА”. Дамову з ім скасавалі ў аднабаковым парадку, бо яны папросту не даслалі дакументацыю.

Была і трэцяя спроба. “Тапаззападінжынірынг” да конкурсу не дапусцілі, бо яны не пацвердзілі рэпутацыю і досвед і няправільна разлічылі суму. “Белкамунпраект” дапусцілі, але пераможцам не выбралі. Верагодна, будзе чарговая закупка.

Схема парка на Фолюше
Схема парку на Фолюшы. Крыніца: goszakupki.by

Згодна з апошнім планам, у праекце для парку трэба прадугледзець:

  • паркоўкі для машын і велапаркоўкі;
  • пляцоўкі для размяшчэння нестацыянарнага гандлю;
  • прагулачныя алеі з лавамі і сметніцамі, веладарожкі;
  • пляцоўкі для актыўнага адпачынку моладзі і пажылых людзей са спартовым абсталяваннем;
  • абсталяваную гульнявую пляцоўку для дзяцей;
  • пляцоўкі для гульняў у валейбол, баскетбол альбо міні-футбол;
  • пляцоўкі для размяшчэння пераносных грамадскіх туалетаў;
  • добраўпарадкаванне пляжнай зоны;
  • масткі праз Ласасянку;
  • уладкаванне зоны ціхага адпачынку;
  • вонкавае асвятленне сквера;
  • азеляненне тэрыторыі: уладкаванне траўніка, пасадку дрэў і кустоў;
  • пітныя фантанчыкі.

Тэрыторыя парку ахоплівае так званы Ніжні Фолюш (былы “Шанхай”). Гэта спальны раён, непадалёк – рака Ласасянка і яр. Цяпер зараснікі ўшчыльную падступаюць да дамоў. Крыху ніжэй стаялі самавольна пастаўленыя гаражы і гаспадарчыя пабудовы. Іх зносілі гэтай вясной.

На распрацоўку перадпраектнай дакументацыі выдаткуюць 223 904 руб., раней планавалі вылучыць 29 472 руб. Пакуль Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка збірае прапановы. Зоймуцца распрацоўкай з 30 чэрвеня па 29 верасня 2025 года.