У цэнтры Гродна разабралі на цэглу старажытны будынак, якому было 114 гадоў. Гэта былыя яслі па вуліцы Васілька, 5, якія зараз перабудоўваюць пад шматкватэрны жылы дом. Верагодна, тую ж цэглу будуць выкарыстоўваць пры будаўніцтве новага дома. Гродзенскага гісторыка Мечыслава Супрона гэтая навіна шакіравала.
«Тое, што мы бачым, ляжыць на сумленні інвестараў»
Пасля рэканструкцыі дом захавае сваё гістарычнае аблічча, сцвярджае NewGrodno. Гэта вынікае і з апублікаваных раней рэндараў праекта. Аднак Мечыслаў Супрон лічыць, што інвестар сваімі дзеяннямі разбурыў архітэктурны ансамбль будынка.



«Тое, што мы бачым, ляжыць на сумленні інвестараў. Не ведаю, наколькі былі трывалыя сцены старых арыгінальных канструкцый, аднак відавочна, што замест дарагой рэканструкцыі з узмацненнем сцен і падмуркаў, было вырашана ашчадзіць час і грошы».
Супрон дадае, што гродзенская архітэктура без ахоўнага статусу не абаронена ад такіх выпадкаў. Фактычна, праекціроўшчыкі і інвестары не парушаюць заканадаўства, калі разбураюць будынак і ўзводзяць яго зноў.
«Фармальна гэта ідзе як рэканструкцыя: калі будынак зносяць пад нуль і потым узводзяць нават з іншых матэрыялаў. З боку заканадаўства ўсё зроблена чыстка і гладка. Хаця на практыцы мы бачым, што нават помнікі архітэктуры таксама могуць знесці і на іх месцы ўзвеці будынкі з пенаблокаў. На жаль, маем тое, што маем», — рэзюмуе гісторык.
Стогадовы будынак так і не атрымаў ахоўны статус
У доме 1911 года пабудовы была яўрэйская малітоўная школа. Па іншых дадзеных, дом належаў памешчыку Кандратовічу. З 1950 года і да закрыцця тут працаваў дзіцячы яслі-сад № 1.
У 2018 годзе двухпавярховы асноўны будынак, службовыя пабудовы савецкага часу і тэрыторыю ў 25 сотак горад аддаў праваслаўнай царкве ў бязвыплатнае карыстанне. Дом пачалі рыхтаваць пад сацыяльны цэнтр «Васількі» і пякарню «Пчала». Там людзі з інваліднасцю змаглі б рабіць крафтавы хлеб для гродзенцаў і прасфоры для цэркваў. Будынку збіраліся надбудаваць мансардны паверх. З 2021 года старонкі праектаў у сацсетцы перасталі абнаўляцца. Пазней высветлілася, што царква адмовілася ад рэалізацыі праекту.
Пра тое, што стогадовы дом на Васілька, 5 пераробяць пад шматкватэрны дом стала вядома у сакавіку 2025 года. Згодна з праектам, планавалася павялічыць плошчу забудовы і колькасць паверхаў. Нерухомасць належыць ТАА «СпектрІнвестГруп», праект рэканструкцыі распрацавала гродзенская фірма «Інтэлстак інжынірынг».
Будынак не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, але знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна».