У Воранаўскім раёне ўчастковы інспектар міліцыі ў вольны ад службы час затрымаў падазраванага ў крадзяжы. Спыталі ў юрыдычнай службы ПЦ «Вясна», ці меў ён на гэта права.

Мясцовы жыхар звярнуўся да ўчастковага інспектара Воранаўскага РАУС лейтэнанта Артура Вайцяхоўскага ў нерабочы час. Мужчына паведаміў, што ў яго з дому зніклі рэчы: тэлефон, дакументы, рыбалоўныя снасці і прадукты. Міліцыянт пагаварыў з ім і даведаўся, хто мог іх скрасці.

Разам з двума дружыннікамі ён адправіўся адпрацоўваць участак. Меркаванага злодзея знайшлі ў вёсцы каля дома заяўніка. Спачатку ён хаваўся ад супрацоўніка міліцыі ў полі, а затым паспрабаваў уцячы ў лес. Зачапіўся аб паваленае дрэва, упаў і атрымаў траўмы. Участковы аказаў першую дапамогу і выклікаў медыкаў. Справу вядуць.

Ці меў міліцыянт на гэта права?

Паводле арт. 23 Закона «Аб органах унутраных спраў», у супрацоўнікаў міліцыі сапраўды ёсць абавязак, незалежна ад часу, прыняць магчымыя меры па прадухіленні злачынства. У тым ліку затрымліваць чалавека, які ўчыніў злачынства, паведамляе юрыдычная служба ПЦ «Вясна».

Таксама ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе прадугледжана права грамадзяніна правесці «захоп асобы, якая ўчыніла злачынства».

П. 2 арт.109: кожны грамадзянін мае права захапіць і прымусова даставіць у орган улады асобу, заспетую ім пры здзяйсненні злачынства або спробе схавацца непасрэдна пасля яго здзяйснення.

Чытайце таксама: На ўліку — 30 чалавек. Міліцыя ўладковае на сезонныя працы былых зняволеных