Дрыфт-заезды «Гран-Пры Гродна» Grodno GP запланаваныя на 28 і 29 чэрвеня каля Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Раней такія спаборніцтвы праходзілі толькі на стадыёнах.
На 28 чэрвеня плануюць трэніроўкі і адзіночныя кваліфікацыі, 29 чэрвеня пройдуць парныя заезды TOP-32. У гонцы будуць удзельнічаць аўтамабілі да 1000 к.с.
Уваход на тэрыторыю гонкі будзе вольны. Акрамя таго, усталююць абсталяваныя трыбуны. Білеты на іх яшчэ не паступілі ў продаж.
Чытайце таксама: «Самая крутая прэзентацыя краіны» і «асфальт спаскудзілі». З’явілася відэа пра дрыфт, дзеля якога перакрывалі рух у цэнтры Гродна
Арганізатары заездаў - Racingby (ЧУП «АЕ-Мотаспорт»). Кампанія займаецца дрыфт-заездамі каля 15 гадоў, у тым ліку арганізуюць Чэмпіянат Беларусі па дрыфтынгу, які праходзіць у Раўбічах, Стайках і Лагойску. Гарадскія заезды рыхтуюць упершыню — да гэтага спаборніцтвы праходзілі толькі на стадыёнах. Пасля Гродна гарадскую дрыфт-гонку плануюць арганізаваць у Мінску. Яна пройдзе 23−24 жніўня.
Як Гродна ўжо перакрывалі праз дрыфт і што сказалі гараджане
Дрыфт у цэнтры Гродна ўжо праходзіў - падчас здымак відэароліка 31 кастрычніка і 1 лістапада. Тады на працягу двух дзён цэнтр горада перакрывалі некалькі разоў на некалькі гадзін, у залежнасці ад лакацыі здымак.
Меркаванні гродзенцаў тады падзяліліся: хтосьці быў у захапленні ад падзеі і ад выніковага відэа, а хтосьці палічыў, што дрыфт у горадзе — гэта небяспечна, «поўная дурасць» і не прычына для перакрыцця руху ў горадзе, а таксама што ўладам «нас*аць на жыхароў горада».