Двухпавярховы прыватны дом на Савецкіх Пагранічнікаў, 81 плануюць знесці, каб прадоўжыць будаўніцтва шматпавярховак. Уладальнікі дома, Вальдэмар і Яніна Краўцэвічы, падалі на забудоўшчыка «Айран» пазоў у суд. Гродзенцаў не задавальняюць умовы перасялення, якія ім прапанавала фірма.
Забудоўшчык прапануе дзве кватэры. Але метраж менш
Згодна з генпланам развіцця Гродна тэрыторыі вуліц Савецкіх Пагранічнікаў, Нямцэвіча, Манюшкі і Сыракомлі трэба выкарыстоўваць пад шматкватэрную забудову. Горадабудаўнічы пашпарт пад гэта распрацавалі ў 2022 годзе, затым — правялі аўкцыён на права праектавання і будаўніцтва. Цяпер на гэтым месцы — прыватны сектар. Таму ўлады прынялі рашэнне забраць зямельныя ўчасткі і знесці нерухомасць.
Забудоўшчык паабяцаў кампенсаваць усе нязручнасці і прапанаваў сям'і Краўцэвічаў дзве кватэры — на Фолюшы і Кляцкова. Агульная плошча прапанаваных кватэр — 128 кв.м., а плошча іх дома на Савецкіх Пагранічнікаў - 181 кв.м.
Падалі ў суд адзін на аднаго
Разыходжанне ў больш чым 50 кв.м. стала галоўнай прычынай, з-за якой гродзенцы падалі заяву ў суд.
«У 58-м указе прэзідэнта ўказана, што пры высяленні павінны прадаставіць плошчу кватэры, з якой высяляюць. І жыллё павінна быць з чыставым аздабленнем», — распавёў Вальдэмар Краўцэвіч у эфіры ТРК Гродна.
Кампанія-забудоўшчык «Айран» падала зваротны пазоў у суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Пакуль зямельны ўчастак належыць Краўцэвічам.
«У чалавека забіраюць дом»
Дом на Савецкіх Пагранічнікаў гродзенцы пабудавалі ў 2006 годзе. Па словах Яніны Краўцэвіч, жыллё ўзводзілі сваімі сіламі. Тады Яніна працавала настаўніцай у школе, Вальдэмар выкладаў у Гродзенскім аграрным універсітэце. Зарплаты выкладчыкаў на будаўніцтва не хапала, таму гродзенцам дапамагалі іх бацькі і дзеці.
«Калі вы бераце мой дом, маю плошчу — добра. Але пабудуйце мне такую ж хату, каб былі падлогі драўляныя і дзверы дубовыя. І мяне перавязіце туды. Так павінна быць, калі ў чалавека забіраюць дом», — лічыць Яніна.

Для будаўніцтва ЖК давядзецца знесці 16 прыватных дамоў
Будаўніцтва ЖК «Купальскі» па суседстве з домам Краўцэвічаў пачалося ў жніўні 2022 года. Тады для ўзвядзення шматпавярховак мінская кампанія «Айранінвестпраект» знесла прыватны сектар.
У рамках чарговага будаўнічага праекту кампанія планавала ўзвесці 8-секцыйны жылы комплекс зменнай паверхавасці. Ён павінен з’явіцца ў межах вуліц Савецкіх Пагранічнікаў - Манюшкі - Нямцэвіча — Сыракомлі. Згодна з праектам забудоўшчыка, 16 прыватных дамоў у межах гэтых вуліц знясуць.
Калі ўлетку 2023 года ўчастак пад забудову выставілі на продаж, шматлікія жыхары прыватных дамоў гэтаму не ўзрадаваліся. Гродзенцы пражывалі ў гэтых дамах дзесяцігоддзямі.

ЖК «Купальскі» — не адзіны праект, які мінскі забудоўшчык рэалізуе ў Гродне. Таксама «Айранінвестпраект» узводзіў квартал таунхаусаў у Пагаранах і распрацоўваў праект шматкватэрнага дома на Таўлая.
Чытайце таксама: У новым доме на Савецкіх Пагранічнікаў ужо з’явіліся расколіны і шчыліны. Як адрэагаваў забудоўшчык?