У TikTok неадназначна адрэагавалі на відэа з навінкай ад шклозавода «Нёман». Кошт на шклянкі для віскі падалася карыстальнікам завышаным. У каментарах успомнілі і невысокія заробкі на прадпрыемстве, і адток кадраў за мяжу.
У акаўнце прадпрыемства прарэкламавалі набор з шасці шклянак з хрусталю аб’ёмам 250 мл за 268 руб. 30 кап. У адказ каментатары пачалі жартаваць, што шклянкі, напэўна, з вібраніуму (выдуманы метал з сусвету Marvel. Вядомы як адзін з самых трывалых матэрыялаў, з якога зроблены шчыт Капітана Амерыкі і касцюм Чорнай пантэры — заўв. Hrodna.life).
«Нёман напэўна вырашыў што ён Baccarat або Laliqu» — напісаў адзін з іх. Сярод каментароў:
- «калі задача выйсці з — у + да 2050г)»
- «Гэта кошт за ўвесь завод. А шклянка колькі, падкажыце калі ласка»
- «у бацькоў у серванце на пару тысяч такога барахла. Пара пачынаць бізнес»
- «пхаха… кошт жэсць. я на WB узяў добры набор шклянак для віскі… набор АГОНЬ»
Некаторыя лічаць кошт справядлівым:
- «Віскі ў такім келіху зайграе новымі фарбамі 15 долараў за келіх выдатная цана»
- «За ручную працу з хрусталю — гэта нават танна».
Гэта далёка не самы дарагі набор з хрусталю ў каталогу «Нёмана». Набор для віскі «Эдынбург» з шасці шклянак і графіна каштуе 535 руб. 80 кап. Праўда, і выглядае ён даражэйшым. Набор шклянак з рэльефным дэкорам без графіна каштуе прыкладна столькі ж, колькі шклянкі з рэкламнага відэа — 275 руб. 80 кап. Набор шклянак для віскі аналагічнага аб’ёму са звычайнага шкла каштуе 67,10 руб. за шэсць штук.
Самая дарагая ў каталогу хрусталю — дэкаратыўная ваза «Паляванне на качку» вышынёй 26,7 см. Яна каштуе 5 708 руб. 50 кап.
А зарплата — 1000 рублёў?
«Гэты завод майстру па выдзіманні плаціць 1000 бел. рублёў за месяц, а цэны гне для заробкаў адміністрацыі», — напісаў адзін з каментатараў.
«Усе годныя майстры ў вас з’ехалі на такі ж завод у Беласток. Ці матаюцца па заробках у ЕС», — напісаў другі ў адказ на заўвагу прадстаўніка завода аб тым, што ў майстроў годныя заробкі.
На сайце шклозавода зараз ёсць некалькі актуальных вакансій:
- інжынер-канструктар, з/п 1500−2000 руб.
- інжынер-хімік, з/п 1100−1800 руб.
- выдзімальнік шкловырабаў, з/п 1600−2800 руб.
- слесар па рамонце аўтамабіляў, з/п 1100−1600 руб.
Іншагароднім абяцаюць інтэрнат, кампенсацыю расходаў на праезд і… даплаты да заробку на прадукты. Мяркуючы па ўсім, заробкі пазначаны да выліку падаткаў.
На сайце службы занятасці вакансій для шклозавода больш — 13, усяго шукаюць людзей на 22 працоўныя месцы. Заробкі пачынаюцца ад 900−1300 руб. Столькі абяцаюць плаціць машыністу газадуўных машын, электраманцёру, аператару кацельні, кантралёру і аўтаслесару. Выдзімальніку шкловырабаў, які працуе ў тры змены, гатовыя плаціць ад 1600 да 3000 руб. Столькі ж — аздабляльніку выдзіманых вырабаў пятай катэгорыі. Гатовыя працаўладкаваць замежнікаў. Ад 2000 да 3000 прапануюць галоўнаму інжынеру-канструктару.
Чытайце таксама: Былому дырэктару шклозавода «Нёман» далі 12 гадоў калоніі за дзяржаўную здраду