У TikTok неадназначна адрэагавалі на відэа з навінкай ад шклозавода “Нёман”. Кошт на шклянкі для віскі падалася карыстальнікам завышаным. У каментарах успомнілі і невысокія заробкі на прадпрыемстве, і адток кадраў за мяжу.

У акаўнце прадпрыемства прарэкламавалі набор з шасці шклянак з хрусталю аб’ёмам 250 мл за 268 руб. 30 кап. У адказ каментатары пачалі жартаваць, што шклянкі, напэўна, з вібраніуму (выдуманы метал з сусвету Marvel. Вядомы як адзін з самых трывалых матэрыялаў, з якога зроблены шчыт Капітана Амерыкі і касцюм Чорнай пантэры – заўв. Hrodna.life).

“Нёман напэўна вырашыў што ён Baccarat або Laliqu” – напісаў адзін з іх. Сярод каментароў:

  • “калі задача выйсці з – у + да 2050г)”
  • “Гэта кошт за ўвесь завод. А шклянка колькі, падкажыце калі ласка”
  • “у бацькоў у серванце на пару тысяч такога барахла. Пара пачынаць бізнес”
  • “пхаха… кошт жэсць.. я на WB узяў добры набор шклянак для віскі… набор АГОНЬ”

Некаторыя лічаць кошт справядлівым:

  • “Віскі ў такім келіху зайграе новымі фарбамі 15 долараў за келіх выдатная цана”
  • “За ручную працу з хрусталю – гэта нават танна”.

Гэта далёка не самы дарагі набор з хрусталю ў каталогу “Нёмана”. Набор для віскі “Эдынбург” з шасці шклянак і графіна каштуе 535 руб. 80 кап. Праўда, і выглядае ён даражэйшым. Набор шклянак з рэльефным дэкорам без графіна каштуе прыкладна столькі ж, колькі шклянкі з рэкламнага відэа – 275 руб. 80 кап. Набор шклянак для віскі аналагічнага аб’ёму са звычайнага шкла каштуе 67,10 руб. за шэсць штук.

Самая дарагая ў каталогу хрусталю – дэкаратыўная ваза “Паляванне на качку” вышынёй 26,7 см. Яна каштуе 5 708 руб. 50 кап.

А зарплата – 1000 рублёў?

“Гэты завод майстру па выдзіманні плаціць 1000 бел. рублёў за месяц, а цэны гне для заробкаў адміністрацыі”, – напісаў адзін з каментатараў.

“Усе годныя майстры ў вас з’ехалі на такі ж завод у Беласток. Ці матаюцца па заробках у ЕС”, – напісаў другі ў адказ на заўвагу прадстаўніка завода аб тым, што ў майстроў годныя заробкі.

На сайце шклозавода зараз ёсць некалькі актуальных вакансій:

  • інжынер-канструктар, з/п 1500-2000руб.
  • інжынер-хімік, з/п 1100-1800руб.
  • выдзімальнік шкловырабаў, з/п 1600-2800руб.
  • слесар па рамонце аўтамабіляў, з/п 1100-1600руб.

Іншагароднім абяцаюць інтэрнат, кампенсацыю расходаў на праезд і… даплаты да заробку на прадукты. Мяркуючы па ўсім, заробкі пазначаны да выліку падаткаў.

На сайце службы занятасці вакансій для шклозавода больш – 13, усяго шукаюць людзей на 22 працоўныя месцы. Заробкі пачынаюцца ад 900-1300 руб. Столькі абяцаюць плаціць машыністу газадуўных машын, электраманцёру, аператару кацельні, кантралёру і аўтаслесару. Выдзімальніку шкловырабаў, які працуе ў тры змены, гатовыя плаціць ад 1600 да 3000 руб. Столькі ж – аздабляльніку выдзіманых вырабаў пятай катэгорыі. Гатовыя працаўладкаваць замежнікаў. Ад 2000 да 3000 прапануюць галоўнаму інжынеру-канструктару.

Чытайце таксама: Былому дырэктару шклозавода «Нёман» далі 12 гадоў калоніі за дзяржаўную здраду