Вучні сярэдняй школы № 37 у Гродне вырашылі, што ў апошні навучальны тыдзень будуць прыходзіць на заняткі ў яркіх вобразах, а заплечнікі заменяць вёдрамі, чахламі ад гітары і грылем. У акцыі ўдзельнічаюць адзінаццацікласнікі.

Панядзелак вучні 11 «К» класа вырашылі зрабіць днём дзяцінства. Заплечнікі з падручнікамі школьнікі замянілі на цацкі і яркія футболкі. У аўторак вучні прыйшлі ў адзенні з 90-х. Вобразы дапоўнілі алімпійкамі, кіслотнымі пінжакамі і калготкамі.

Гродзенскія школьнікі падхапілі сусветны трэнд — у апошні навучальны тыдзень прыходзяць у школу без заплечнікаў
Вучнік 11 «К» класа сярэдняй школы № 37 у Гродне. Фота: TikTok @lera_hodosok

Відэа з вобразамі аднакласнікаў гродзенка Лера апублікавала ў TikTok — за два дні ролікі набралі больш за 300 тыс. праглядаў. У каментарах карыстальнікі жартуюць, што пасля такой акцыі ў дырэктара і завучаў здарыцца сардэчны прыступ.

«Ай тыгры, шкада ў нас такога не было», — піша Женя.

«Наша школа забараніла дзецям. Тыпу „па статуце школы“ не належыць», — паскардзілася Алена V_P.

«А наша мачалка забараніла тэматычныя дні. Дзеці засумавалі моцна», — распавядае bu_.18.

«Удачы вам у жыцці і ў далейшым навучанні. Будзьце шчаслівыя і, самае галоўнае, здаровыя і каханыя», — пажадала Анна Абрамчук.

Па тэме: У Гродне пройдзе штогадовы гарадскі выпускны — будзе больш за 2,6 тыс. удзельнікаў

Што за свята Дзень без заплечніка і як яго адзначаюць у іншых краінах?

У апошнія навучальныя дні вучні амерыканскіх школ ладзяць челендж Anything but backack day at school — «Што заўгодна, акрамя заплечнікаў». Задумка заключаецца ў тым, каб прынесці падручнікі ў самым невідавочным прадмеце. Напрыклад, кнігі складваюць у каціныя пераноскі, цацачныя грузавікі, тумбачкі, пыласосы або прадуктовыя каляскі.

Падставай для жартоўнай на першы погляд традыцыі стала сацыяльная і класавая няроўнасць. Актывістка Мангаі Фанкам правяла некалькі гадоў у Камеруне. Вярнуўшыся ў 2012 годзе ў Амерыку, яна прапанавала правесці ў сваёй школе Дзень без заплечнікаў. Тым самым Фанкам хацела прыцягнуць увагу да таго, што ў афрыканскіх школах дзеці носяць падручнікі ў руках ці пакетах. Ініцыятыва Фанкам хутка перарасла ў глабальны рух.

Апошнія некалькі гадоў челендж становіцца папулярным і ў іншых краінах, у тым ліку суседніх Польшчы і Літве. Кіраўніцтва школ на афіцыйным узроўні дазваляе дзецям прыходзіць у яркіх вобразах і без заплечнікаў.

У Польшчы часцей за ўсё свята праводзяць 1 красавіка — некаторыя настаўнікі падтрымліваюць дзяцей і пакідаюць сумкі і партфелі дома. У некаторых школах праводзяцца конкурсы на самую крэатыўную замену заплечніка.

У Літве челендж праходзіць па падобным прынцыпе. Пазней некаторыя літоўскія гімназіі публікуюць фотасправаздачы са «Дня без заплечніка».