Дзень салідарнасці з палітвязнямі 21 траўня адзначаюць беларусы па ўсім свеце. У літоўскай сталіцы да гэтай падзеі правялі сімвалічны забег, пакаштавалі турэмную ежу і зламалі турэмную камеру на радасць усім. Былыя палітвязні выказаліся, што магло б дапамагчы вызваленню астатніх.
Беглі за тых, хто сядзіць
Віленскія беларусы ў выхадныя напярэдадні Дня салідарнасці прабеглі 2334 метры. Лічба адсылае да былога артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), па якім у 2020−2021 гадах часта судзілі беларусаў.

Дзейнічаць паўсюль: ад спорту да дыпламатыі
Ці дапамогуць акцыі і санкцыі ў змаганні з рэжымам, для Hrodna.life адказала Паліна Шарэнда-Панасюк. Яна правяла ў зняволенні больш за чатыры гады:
«Маё меркаванне пра ўзмацненне ціску на рэжым абсалютна не змянілася. Мэта, з якой мы выходзілі і ў 20-м годзе, і раней, не дасягнута. Адзіны шлях да яе дасягнення, каб рэжым стаў ізгоем: блакада, эканамічнае эмбарга, санкцыі і гэтак далей. На ўсіх узроўнях: культурным, спартовым і, безумоўна, палітычна-дыпламатычным».

«Мае знаёмыя, якія засталіся ў гэтых канцлагерах, не даравалі б нам, каб мы пайшлі на легітымізацыю рэжыму. Яны знаходзяцца ў такіх катавальных умовах менавіта таму, што застаюцца вернымі сваім ідэалам. Калі пайсці на саступкі, то рэжым чарговы раз зразумее, што тактыка таргоўлі вязнямі працуе і будзе набіраць новых закладнікаў»
Каб кожны змог на хвіліну адчуць, як гэта — быць вязнем у Беларусі - падчас імпрэзы ахвотныя пакаштавалі «турэмную» ежу. Гэта быў «бігас» — тушаная квашаная капуста, «магіла» — так у турме называюць смажаную рыбу, і торт, зроблены з перададзеных з волі прадуктаў, які гатавалі ў камерах на святы.
«Мы павінны абраць стратэгію ўзмацнення ціску і санкцый ва ўсіх сферах, — кажа Ілля Міронаў, які правёў у зняволенні 13 месяцаў. — Толькі санкцыі могуць паўплываць на вызваленне. У 2010 годзе таксама былі пратэсты і масавыя арышты, але ў сувязі з санкцыямі праз паўгода-год усе былі вызвалены».

«Зараз, магчыма, патрэбна ўводзіць санкцыі не толькі на юрыдычныя асобы, але і на фізічныя, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Са злачынным рэжымам Лукашэнкі не можа быць ніякіх перагавораў пасля 5 гадоў, якія мы пражылі».

Са злачынцамі не дамаўляюцца
У канцы імпрэзы «зняволеныя» разбурылі камеру знутры і выйшлі на волю.

«Я за пастаянны ціск, — кажа Вольга Такарчук, якая правяла ў зняволенні 13 месяцаў. — Са злачынцамі нельга дамаўляцца, бо яны шантажысты і выкарыстоўваюць людзей, як тавар. Толькі ціск, ціск і ціск!»
«Таму што, калі мы пойдзем на дамовы з Лукашэнкам, то гэта будзе азначаць прызнанне яго легітымнасці, а я не магу прызнаць легітымнасць яго дзеянняў у дачыненні да людзей. Дзеля чаго тады мы ўсе сядзелі, каб у выніку ўсе прыйшлі да яго каяцца? Ён жа гэтага і дабіваецца. Я ганаруся Марфай Рабковай, якая адмаўлялася пісаць прашэнне аб памілаванні».
21 траўня беларусы па ўсім свеце ўшаноўваюць памяць закатаваных і загінулых у турмах беларусаў і тых, хто застаецца за кратамі праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Дату абралі ў памяць аб Вітольдзе Ашурку, які ў гэты дзень пры нявысветленых абставінах загінуў у калоніі.
Чытайце таксама: Сядзелі палітвязні, бывалі суіцыды, працаваў Лукашэнка. Што вядома пра калонію ў Шклове, у якой памёр Вітольд Ашурак?
Выкарыстоўваць усе стратэгіі для вызвалення палітвязняў
«Я лічу, што пакуль у нас няма ніякіх працуючых механізмаў, павінны быць задзейнічаны ўсе магчымыя стратэгіі, — расказала Hrodna.life былая палітзняволеная Алеся Буневіч. — Бо калі ўся рыторыка будзе складвацца толькі з таго, што нам патрэбна дамаўляцца, гэта будзе выглядаць, як гульня ў паддаўкі».

«Я думаю, гэтыя пяць гадоў паказалі, што санкцыі не тое каб моцна працуюць і што не з-за палітвязняў яны былі ўведзены. Таму я лічу, што ў публічнай прасторы павінны быць абодва меркаванні. Яны павінны гучаць ад розных груп. Асабіста мне зараз бліжэй меркаванне пра дамову. Мы бачым, што кропкава адбываюцца вызваленні. Ёсць гуманітарныя трэкі ў свеце, якія адпрацаваны ў некаторых краінах. Каб задзейнічаць ААН ці нейкія іншыя ўстановы для вызвалення вязняў з уразлівых груп, трэба весці гуманітарныя перамовы. Але калі кажуць пра санкцыі, то я таксама нічога не скажу супраць».
Чытайце таксама: