Частка кветак на арках на Савецкай вуліцы — штучныя. Гродзенцы заўважылі гэта яшчэ на пачатку траўня, калі аркі сталі ўпрыгожваць. Праз два тыдні Гродзенскі гарвыканкам патлумачыў, чаму жывыя кветкі замянілі штучнымі.
Першапачаткова планавалася, што ўсе 11 арак запоўняць кашпо з жывымі кветкамі. Але ад першапачатковай задумкі адмовіліся. Вышыня арак — 4,5 метра, таму для паліву кветак прыйшлося б выкарыстоўваць спецыяльныя платформы.
«Гэта затратна і няёмка для людзей. У дадатак, усё ўскладняецца нізкімі гірляндамі „зорнага неба“. Акрамя таго, нам не хацелася б, каб пры кропельным паліве вада выпадкова пападала на мінакоў», — распавёў дырэктар «Гродназелянбуда» Андрэй Сяманчык.
Па тэме: «Будзе капаць на галовы» — што гродзенцы думаюць пра новыя кветкавыя аркі на Савецкай
У Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама таксама патлумачылі, чаму кветкавую кампазіцыю на Старым мосце зрабілі хвалепадобнай. Летась не ўсе гараджане ацанілі задумку. Таму супрацоўнікі «Гродназелянбуда» ўстанавілі кветкі такім чынам, каб яны не закрывалі від на Нёман і замкі.