У Threads гродзенцы абмяркоўваюць Савецкую плошчу і ўсталяваныя там кірмашовыя домікі. Некаторыя гараджане лічаць, што гандлёвыя рады псуюць від на Фарны касцёл. Іншыя адзначаюць, што дзякуючы домікам Гродна выглядае па-еўрапейску.

Гродзенка Ганна Саловіч апублікавала ў Threads пост, дзе напісала, што раней з плошчы можна было зрабіць прыгожую фатаграфію касцёла. «Цяпер цэнтральную плошчу гістарычнага горада ператварылі ў фуд-пляцоўку», — адзначае Ганна.

Гродзенцы супраць: пах шашлыка на ўсю плошчу і сапсаваны від на касцёл

Частка каментатараў падтрымалі Ганну — гродзенцы лічаць, што домікі сапсавалі від на плошчу.

«Гродна жудасна сапсавалі сёлета і ў мінулым годзе.

  1. Фуд-корт у гістарычным цэнтры на галоўнай плошчы.
  2. Закрылі від з моста петуніямі ў пластыку.
  3. Зрабілі аркі з кветачкамі ў пластыкавых чыгунах на вуліцы Савецкай. Палова з якіх — штучныя, каб не капалі на галовы мінакоў", — лічыць nekojirusou_.

«Зімой і мне падабаецца, калі снег, агеньчыкі, ёлка. Улетку мне больш падабаецца сядзець на тэрасах. Кожнаму сваё. Асабіста мне не падабаецца пах шашлыка на ўсю плошчу, нехта ў захапленні і толькі там і есць», — піша anuta_solovich.

«Я таксама заўважыла, што сёлета яшчэ больш гэтых домікаў наставілі. Па мне таксама — здаецца, што ўжо занадта шмат», — пагаджаецца liudmika_1610.

«У суботу былі на экскурсіі ў Гродна, таксама здзівілася вялікай колькасці домікаў на плошчы. Я падумала, што гэта часовае з’явішча, магчыма, засталося пасля 9 траўня. А гэта назаўжды выходзіць?! Не трэба было, канешне, так сапсаваць найпрыгажэйшы від», — выказваецца dianakrizhanovskaia.

Гродзенцы за: на плошчы пануе жыццё, а домікі - акуратныя і не псуюць выгляд

Іншыя ўдзельнікі абмеркавання наадварот, не бачаць у кірмашовых доміках праблемы — і лічаць, што падобную карціну можна назіраць у многіх еўрапейскіх гарадах. Акрамя таго, на думку гараджан, домікі дадаюць вуліцы утульнасці.

«У цэнтры горада заўжды цэнтральныя плошчы былі рынкамі. Так што гандлёвыя домікі ніяк не ідуць насуперак з гістарычнага пункта гледжання. І так, ствараюць сваю ўтульнасць і зручнасць», — піша valeraptashits.

«А мне падабаецца, што пустая плошча ператвараецца ўлетку ў месца, дзе можна і перакусіць, і дзяцей пацешыць, і музыку паслухаць, і пасядзець проста палюбавацца горадам. А зімой навагоднія кірмашы таксама выдатна! І ярка, і святочна, і ёсць дзе пагуляць. А сфатаграфаваць касцёл можна з іншага ракурсу не горш», — лічыць o_i_luchnica.

«Там зараз нарэшце зноў жыццё кіпіць: людзі сустракаюцца, дзеці смяюцца, музыкі граюць. Гэтыя домікі вельмі акуратныя, у адным стылі, а не базаравакзал», — адзначае darya_olegovich.

«Так выглядае, напрыклад, старамесская плошча ў Празе. Нуль дрэў і суцэльныя едальныя. Або ў Варшаве. Ды блін, практычна паўсюль», — піша runfotorun.

Чаму ўлады вырашылі пакінуць кірмашовыя домікі на лета?

Раней гандлёвыя рады на Савецкай плошчы з’яўляліся да зімовых свят. У сакавіку 2025 года ўлады паведамілі, што кірмаш будзе працаваць круглы год. Паведамлялася, што рамеснікі выказвалі вялікае жаданне ўдзельнічаць у кірмашы.

Усяго на плошчы ўстанавілі 36 гандлёвых домікаў, дзе прапануюць прадукцыю ад мясцовых фермераў, а таксама сувеніры і вырабы ад рамеснікаў.

Чытайце таксама: Як за адзін вечар Савецкая плошча засталася без адзінага дрэва