Гродзенскі гурт Dzieciuki дасць канцэрты ў двух польскіх гарадах — Кракаве і Варшаве. Музыкі зайграюць разам з канадскім фолк-панк-гуртом The Real McKenzies. Франтмэн Dzieciuki Аляксандр Дзянісаў прызнаецца, што спраўдзілася яго даўняя мара.

У 2014 годзе Дзянісаў наведаў канцэрт The Real McKenzies у Берліне. Тады Аляксандр падараваў канадскаму басісту першы альбом Dzieciuki «Гарадзенскі гармідар». 

«Ці мог я падумаць, што праз 10 гадоў атрымаецца супорціць (выступаць на разагрэве  — Hrodna.life) гэтым мастадонтам celtic-punk? (кельтык-панк — Hrodna.life). Людзі! Мары часам здяйсняюцца!», — парадаваўся ў сваім Facebook Дзянісаў. 

“Напісаў, што Dzieciuki хацелі бы злабаць на разагрэве”

Калісьці гурт Dzieciuki пераспяваў адну з песень The Real McKenzies, расказаў Hrodna.life Аляксандр Дзянісаў. Так атрымаўся трэк “Па гарах”. 

– Мы лічылі, што гэта іх песня, але пасля высветлілася, што гэта народная пабная песня. Яна прысутнічае на нашым першым альбоме, які я і падараваў ім пасля канцэрту, – узгадвае Дзянісаў. 

Праз дзесяць гадоў музыка звярнуўся да канадцаў і распавёў ім, што гурт Dzieciuki існуе да гэтага часу, але зараз знаходзіцца ў Польшчы. 

– Нам бы хацелася злабаць з вамі на супорце, – узгадвае перапіску з канадскім гуртом Дзянісаў. – Прайшоў дзесьці месяц, мабыць больш – і яны адпісалі, што за. А таксама прапанавалі сыграць яшчэ і ў Кракаве. І ўсё – цяпер мы граем у іх на разагрэве.  

Гурт The Real McKenzies быў заснаваны ў 1992 годзе ў Ванкуверы. Удзельнікі ствараюць музыку, якая сумяшчае старажытныя паданні аб подзвігах шатландскага народа і сучасныя агрэсіўныя гітарныя рыфы. 

Сумесны канцэрт The Real McKenzies і Dzieciuki адбудзецца 3 жніўня ў Кракаве і 4 жніўня ў Варшаве. Дзянісаў дадае, што на канцэрте ў Dzieciuki будзе прыкладна 40 хвілін для выступлення. Музыкі абяцаюць “выдумаць штосьці такое, што абавязкова запомніцца слухачам”. 

Чытайце таксама: Як хаваўся на радзіме Церцеля, калі патрапіў на першы рок-канцэрт і адкуль у Гродне нацысты — інтэрв’ю Аляксандра Дзянісава