Праект «Пераблытаныя» прысвечаны жаночаму панк-гурту Messed Up з Гродна. Асноўныя здымкі фатограф Яўген Ацецкі зрабіў у перыяд з 2017 па 2019 год. У 2025 годзе Яўген зноў звязаўся з дзяўчынамі, каб даведацца, як склаліся іх лёсы.
Праект здымаўся з 2017 па 2019 год — менавіта на гэтыя гады прыпаў росквіт групы. Фатограф суправаджаў Насцю, Кацю, Машу і Лізу ў турах, бываў на канцэртах і трапляў разам з імі ў прыгоды.
«Для мяне гэты праект стаў свойго рода развітаннем з маладосцю. У нейкім сэнсе я яшчэ раз пражыў юнацтва сваёй мары — у панк-туры, з весялосцю, музыкай і прыгодамі», — распавёў для Беларускай фатаграфічнай платформы ФШ1 Ацецкі.
Праз шэсць гадоў фатограф звязаўся з дзяўчатамі, каб даведацца, як склаліся іх лёсы. Цяпер усе ўдзельніцы групы ў эміграцыі. Партрэты тых, хто жыве ў Польшчы, Ацецкі зрабіў самастойна. Дзяўчын, якія пераехалі ў іншыя краіны, яму дапамаглі зняць сябры-фатографы: Стыў Браўн з Германіі і Васіль Піндзюрын з Расіі.
Вернісаж праекту «Пераблытаныя» адбудзецца 17 траўня ў варшаўскай культурнай прасторы Duży Pokój у межах выставы трох беларускіх фатографаў: Яўгена Ацецкага, Марыі Карнеянка і Кацярыны Ігнашэвіч.
Па тэме: Як фронтвуман Messed Up прыйшла да актывізму праз панк-рок
«Пратэст супраць улады — понт. Вы паміж сабой не можаце разабрацца»
Фатаграфіі праекта «Пераблытаныя» дапоўнены выказваннямі дзяўчын, у якіх яны разважаюць пра тое, як успрымалі панк-кам'юніці і як склаліся іх жыцці зараз.
«Панк-культура навучыла мяне не саромячыся пярдзець пры хлопцах і набухівацца ў гаўно. Увесь гэты яб*ны пратэст супраць улады — понт, вы нават паміж сабой не можаце разабрацца», — выказваецца былая фронтвумэн Messed Up Насця.


«На пачатку эміграцыі было вельмі цяжка. Бывала, што я крала ежу на працы, таму што мне не хапала грошай, каб яе купіць. Цяпер я пачала дазваляць сабе апранацца, як хачу, слухаць музыку, якую люблю. Я зусім не шкадую пра той час і пра тое, як я яго для сябе завершыла», — дзеліцца Каця.
Цяпер дзяўчына жыве ў Санкт-Пецярбургу.


«Першыя гады ў Messed Up адчуваліся быццам бясконцае лета, якое ўсё доўжылася і доўжылася. Цяпер я падыхожду да ўсяго больш асэнсавана. Раней было шмат дурных учынкаў, з вайбам, быццам заўтра ніколі не настане. Я выпусцілася з універсітэта з дыпломам доктара, скончыла інтэрнатуру, атрымала першы досвед працы медыкам, перажыла 2020 год у Беларусі і пераехала ў Германію, дзе знайшла працу», — распавядае Ліза.


Чым вядома група Messed Up?
Дэбютны альбом Messed Up выйшаў у 2019 годзе. Актыўным прасоўваннем гурта займаўся гродзенскі музыка і антыфашыст Ігар Банцар, лідар групы Mister X.
Акрамя музычнай творчасці ўдзельніцы займаліся рознымі формамі актывізму і прасоўвалі павестку аб гендэрнай роўнасці.
У траўні 2025 года ўдзельніцы паведамілі аб спыненні дзейнасці групы. Па словах дзяўчын, Messed Up ствараўся, калі яны былі яшчэ школьніцамі. «З таго моманту прайшло вельмі шмат часу і падзеяў. Мы шмат перажылі дзякуючы групе, і яна заўсёды была важнай часткай нашага жыцця. Але зараз прыйшоў час закрыць гэты раздзел», — напісалі ў Facebook гродзенкі.
Чытайце таксама: Ад пост-панка да нойза: музыка з Гродна, за якой варта сачыць