Псіхолага і дырэктарку ліквідаванага Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольгу Вялічку выключылі са спісу дэлегатаў Каардынацыйнай Рады (КР). Па словах Вялічкі, аб выключэнні яна даведалася выпадкова, і нават не ведае, калі дакладна гэта адбылося — 6 ці 7 траўня. Гродзенка пакуль не ведае, як перадаць справы ўжо былым калегам.

У Каардынацыйнай Радзе Вялічка ўваходзіла ў фракцыю Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» і ўзначальвала камісію па сацыяльнай палітыцы. Як паведаміла ў сваім Facebook гродзенка (яна зрабіла публічны пост, а потым схавала яго з агульнага доступу), за 7 месяцаў валанцёрскай дзейнасці ў складзе КР яна паспела арганізаваць сустрэчу дэлегатаў з беларускай дыяспарай у Вільні, правяла тры акцыі па пытаннях здароўя, арганізавала мерапрыемства ў Беластоку для дзяцей палітвязняў і стварыла працоўную групу па пытаннях пенсій у Беластоку.

Вывесці пытанні беларусаў у вялікую палітыку не атрымалася

Гродзенка адзначае, што прапанавала арганізаваць групу па пытаннях беларусаў у ЗША, а таксама вылучала сваю кандыдатуру ў Парламенцкую асамблею Савета Еўропы. Па словах Вялічкі, вывесці сацыяльныя пытанні беларусаў у вялікую палітыку ў яе не атрымалася.

«Маё бачанне працы часам грунтоўна адрознівалася ад тых працэсаў, што праходзілі ў КР. Таму я вырашыла, што на дадзены момант няма ніякіх магчымасцей для прасоўвання пытанняў сацыяльнай палітыкі.

Пра гэта я напісала ў прыватнай перапісцы Юрыю Губарэвічу (старшыня Руху «За Свабоду» — Hrodna.life) і Арцёму Брухану (намеснік кіраўніка НАУ, сябар той жа фракцыі - Hrodna.life). З Юрыям мы пагадзіліся, што КР зараз праходзіць складаныя часы і трэба знайсці адзіны і паслядоўны механізм, каб я магла перадаць справы сваім калегам па камісіі, што засведчана ў нашай з ім прыватнай перапісцы. На тым камунікацыя ў нас спынілася і я шчыра была ўпэўненая, што мы на этапе ўзгадненняў", — пракаментавала сітуацыю Hrodna.life Вольга Вялічка.

«Працэдура выключэння са складу КР — не празрыстая і адбываецца праз прыватную перапіску»

Аб выключэнні са складу КР Вялічка даведалася выпадкова падчас размовы з Арцёмам Бруханам. Гродзенка дадае, што папярэдніх працэдур або перадачы спраў не адбылося.

«Мяне абурыла не тое, што мяне выключылі, а як арганізавана сама працэдура: не празрыста, праз прыватную перапіску, без магчымасцей перадаць справы. Бо камісія (па сацыяльнай палітыцы — Hrodna.life) стваралася не як мая прыватная, а ўсё, што было напрацавана, належыць КР і натуральна нармальна гэта перадаць належным чынам. Хачу адзначыць, што я неаднаразова казала пра важнасць прыняцця палітычнай адказнасці шматлікіх непразрыстых працэдур, пачынаючы ад фінансавання і заканчваючы працэдурай перадачы спраў. Каму перадаваць справы і як гэта рабіць — пакуль невядома ні мне, ні маім ужо былым калегам. Зараз мы спрабуем даведацца, як правільна гэта мусіць быць зроблена», — рэзюміруе Вялічка.

Hrodna.life паспрабаваў звязацца з Паўлам Латушкам, але аператыўнага адказу пакуль не атрымаў. Мы таксама даслалі ліст у прэс-службу Каардынацыйнай Рады. Калі мы атрымаем каментарый палітыка, мы дапоўнім навіну.

UPD: На наш запыт памочнікі Паўла Латушкі параілі нам звярнуцца да Юрыя Губарэвіча.

Губарэвіч: «Вольга больш за тры тыдні таму паведаміла аб намеры выйсці з КР»

У рэдакцыі Hrodna.life атрымалася звязацца з Юрыям Губарэвічам. Як распавёў палітык, Вольга Вялічка выказвала намер выйсці са складу КР. Таксама больш за тры месяцы Вялічка не ўдзельнічала ў галасаваннях КР — пры такіх умовах сакратарыят мае права правесці фармальную працэдуру пазбаўлення мандату.

«Паводле статута кожны ўдзельнік КР мае права вольнага выхаду — дзеля гэтага ён павінен паведаміць каардынатару фракцыі і сакратарыяту. Вольга ўжо больш за тры тыдні таму паведаміла мне аб намеры выйсці з Каардынацыйнай Рады. Паводле працэдуры, рашэнне аб яе выключэнні магло быць прынята цягам сутак. І мы далі пэўны час, каб яна магла падумаць — і ці змяніць сваё меркаванне, ці падрыхтавацца да перадачы спраў. Тры тыдні мінула, мы былі з ёй у перапісцы, яна сваё рашэнне не змяніла. Таму я паведаміў сакратарыяту аб яе намеры выйсці — і была праведзена адпаведная працэдура».

Губарэвіч дадае, што ў Каардынацыйнай Радзе няма зацверджаных форм для заяў аб намеры выйсці са складу дэлегатаў. Таму асабістая перапіска разглядаецца як афіцыйны канал камунікацыі.

«Сябры КР асноўную камунікацыйную пляцоўку маюць у Telegram. І я не ведаю, якім іншым чынам Вольга магла паведаміць мне аб намеры. Магчыма, звычайная пошта і высылка лістоў? Але такі спосаб камунікацыі звычайна не выкарыстоўваецца».

Палітык адзначае, што пасля паведамлення аб намеры сысці Вялічка мела магчымасць і час, каб падрыхтавацца і перадаць свае справы калегам па сацыяльнай камісіі. Таксама, дадае Губарэвіч, ніхто не забараняе гродзенцы займацца перадачай спраў зараз.

«Гэта не азначае спыненне працы камісіі. Наколькі мне вядома, на дадзены момант ужо абраны выконваючы абавязкі старшыні камісіі», — адзначыў Губарэвіч.