Гарадскі выпускны пройдзе 13 чэрвеня на Савецкай плошчы. Запланавана ўрачыстае шэсце і выступленні беларускіх артыстаў.

У гарадскім выпускным на Савецкай плошчы паўдзельнічае 2647 выпускнікоў сярэдніх школ Гродна. Спачатку яны пройдуць шэсцем па вуліцы Савецкай, а потым на плошчы Савецкай адбудзецца канцэрт. Паведамляецца, што будуць выступаць беларускія артысты і запрошаныя зоркі з Расіі.

Першы гарадскі выпускны ў Гродне адбыўся ў 2024 годзе. Тады ў ім паўдзельнічала каля 2,5 тысячы выпускнікоў.

Хэдлайнеры выпускнога — расійскія выканаўцы

Святкаванне выпускнога завершыцца выступам расійскіх выканаўцаў Galibri&Mavik. Сярод найбольш вядомых песень артыстаў — «Федэрыка Феліні», «Чак Норыс» і «Лямпачкі».

У чэрвені ў Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама паведамілі аб другім хэдлайнеры выпускнога. Ім стала трыо з Мінска — выканаўцы Nkeeei, Artem Shilovets і Uniqe. Рэп — асноўны жанр, у якім працуюць артысты. Сярод найбольш папулярных песень — «Гламур» і «Она хочет заехать в Минск».

Афіша гарадскога выпускнога

Святочныя мерапрыемствы ў Гродне пачнуцца ў другой палове дня.

З 15:00 да 18:00 — у школах і гімназіях вучням уручаць атэстаты.

З 18:00 да 19:30 — збор выпускнікоў на плошчы Леніна і выступленне dj_petrosian.

З 19:30 да 19:50 — шэсце выпускнікоў з плошчы Леніна да Савецкай плошчы.

З 19:50 да 20:30 — прэв’ю-шоу «Дарога поспеху».

З 20:30 да 20:45 — пачатак гарадскога выпускнога.

З 20:45 да 21:40 — канцэрт. Выступленне беларускіх выканаўцаў Зены, Мартвіна, Насці Краўчанка, Мікіты Бялько, а таксама ТЭА і Вольгі Рыжыкавай.

З 21:40 да 22:10 — выступ гурта «Galibri&Mavik».

З 22:10 да 22:30 — выступ гурта Uniqe, Nkeeei, ARTEM SHILOVETS.

З 22:30 да 23:00 — выступ гурта «Cosa Nostra».

Скончыцца мерапрыемства феерверкам у 23:00.

Чытайце таксама: Рэперы, забарона на продаж алкаголю і анёлы: якім быў гарадскі выпускны летась