Міліцыя Гродна адпраўляе адбыўшых пакаранне на працы ў Гродзенскую агароднінную фабрыку. Зараз на ўліку ў Гродзенскім РАУС ёсць каля 60 не працуючых «без уважлівай прычыны», з іх палова — былыя зняволеныя, піша «Гродненская правда».

Яшчэ 17 чалавек на ўліку ў сувязі з ужываннем алкагольных напояў, 11 — вызваліліся з ЛПП. Міліцыя адзначае, што знайсці працу самастойна бывае цяжка. З 1 красавіка 2025 года яны дапамагаюць уладкавацца на Гродзенскую агароднінную фабрыку. «…ім патрэбныя работнікі, а ў нас ёсць раней судзімыя людзі, якія не могуць самастойна працаўладкавацца», — кажуць сілавікі.

Непрацуючых штодня прывозяць на фабрыку. З імі кожны дзень заключаюць дагаворы падраду. Заробак за 8-гадзінны працоўны дзень — 35 беларускіх рублёў (калі працаваць 5 дзён на тыдзень, выходзіць 700 рублёў на месяц — Hrodna.life). За добрую працу яе могуць падняць да 42 і 50 рублёў. «На прадпрыемстве можна добра зарабіць, калі працаваць сумленна», — кажуць на фабрыцы.

Штодня працуе ад 4 да 13 чалавек. Фабрыка выбірае, каго можна ўзяць на працу. Пакуль да канца месяца працаўладкавалі двух. У асноўным раней судзімыя працуюць грузчыкамі, рознарабочымі, збіраюць камяні і перабіраюць бульбу.

Зараз на фабрыцы 42 свабодных рабочых месцы і 37 вакансій.

Чытайце таксама: Ложак, мангал і камод — усё з турмы. Якія рэчы, зробленыя беларускімі вязнямі, можна купіць у інтэрнэце