У Ваўкавыску паабразалі гарадскія дрэвы, а некаторыя і прыбралі зусім. Гарадская камунальная гаспадарка апраўдалася перад жыхарамі, але пытанні засталіся. Паглядзелі, як камунальнікі Гродзенскай вобласці робяць абрэзку гарадскіх дрэваў “пад пальмы”, і што пра гэта думаюць жыхары.

«Железные Дровосеки» местного ЖКХ превратили все раскидистые кроны деревьев, как и сами деревья, в телеграфные столбы. Теперь жители города Волковыска в жару и зной будут прятаться в тени столбов, так как все скамейки в горпарке стоят, как на пляже, загорай – не хочу», – напісаў гараджыхар Ваўкавыска. Акрамя таго ў горадзе высеклі ніцыя вербы.

У Ваўкавыскай камунальнай гаспадарцы праз публікацыю ў “Гродзенскай праўдзе” адказалі, што у парку не падразалі дрэвы ўжо восем гадоў, і зараз абрэзалі толькі галіны, якія моцна звісалі ўніз, сухія і загнілыя. Прыўзнялі крону, каб адкрыць ліхтары. Верхнія галіны плануюць падразаць у наступным годзе, каб спыніць рост дрэў у вышыню.

Гарадскі парк у Ваўкавыску, абрэзка дрэваў
Гарадскі парк у Ваўкавыску. Фота: “Гродзенская праўда”

А вербы каля Дома быта спілавалі, бо яны былі ў аварыйным стане. Замест спілаваных дрэваў пасадзяць іншы від – нізкарослыя ніцыя вербы.

Агулам сёлета ў Ваўкавыску плануюць пасадзіць 3600 дрэў – на пустых тэрыторыях і ўздоўж вуліц. Таксама пасадзяць 400 кустоў. Абрэзка ў парку – частка падрыхтоўкі яго да абласных “Дажынак”. Там таксама абновяць сцежкі, лавачкі, арэлі і пасадзяць кусты.

Сан-Ваўкавыска і Іўеандэлес

Дрэвы паспелі абрэзаць своечасова паводле нормаў, да канца красавіка, звярнуў увагу канал Urban Hrodna. Але пры гэтым у Ваўкавыску не толькі абрэзалі паркавыя пасадкі і пакарчавалі вербы каля Дома быта. Дрэвы каля мясакамбіната абрэзалі амаль на слупы.

@gribnoyzavertish #волковыск ♬ GTA San Andreas Theme (Remake) – Ben Morfitt (SquidPhysics)

“За деревья в городе в целом обидно”, – напісалі ў каментарах да відэа з абрэзанымі дрэвамі.

“Сан-Волковыско”, – пажартаваў карыстальнік andrjucha. “Первые пальмы, появились в Ивьеанделесе”, – напомніў centner0988. Сапраўды, у Іўі правялі такую ж абрэзку. Некаторыя каментатары апраўдывалі яе фармоўкай – маўляў, пасля будуць зялёныя шарыкі. Але ад летняй спёкі такія шарыкі не ўратуюць. Зараз дрэвы параўноўваюць з пальмамі з гульні GTA.

Абрэзаныя дрэвы ў Іўе
Абрэзаныя дрэвы ў Іўе. Скрыншот з TikTok @gribnoyzavertish

А як трэба паводле правіл?

Паводле Правіл утрымання азелянёных тэрыторый, якія ўступілі ў сілу яшчэ ў 2020 годзе, абрэзка можа быць:

  • санітарнай,
  • фармовачнай,
  • амалоджвальнай.

Толькі санітарную можна праводзіць круглы год, а астатнія два віды ─ з кастрычніка па красавік. Абрэзаць галіны зможа толькі кваліфікаваны спецыяліст па азеляненні. Калі дрэвы інтэнсіўна вылучаюць сок, напрыклад, клён і алешына — то абразанне праводзяць у кастрычніку. Нельга абразаць дрэвы ў непагадзь: моцны дождж, снегапад, навальніцу, галалёдзіцу, туман, пры парывістым ветры звыш 14 м/с і тэмпературы ніжэй за мінус 15 °С. Забаронена выдаляць цалкам крону і верхнюю частку ствала дрэва (топінг).

Радыкальная абрэзка для амаладжэння дазволена толькі для:

  • патэнцыйна небяспечных дрэў з невялікім нахілам або вялікай вышынёй,
  • сухавяршынных на 50-60%, якія растуць на дзіцячых пляцоўках, ля тратуара, каля ўвахода ў будынак, над праезнай часткай,
  • толькі ў відаў, якія добра ўтвараць парасткі: ліпа, таполя, вярба.

Абразаць у такім выпадку варта да зоны маладых парасткаў, укарачаючы старыя галіны на 1/2–3/4 ад агульнай даўжыні. Такую абрэзку праводзяць паступова на працягу 2–3 гадоў, пачынаючы з верхавіны шкілетных галін.

У хваёвых дрэў забаранілі выдаляць ніжнія галіны.