Сацсеткі панк-гурта з Гродна Dzieciukі і сам гэты надпіс у Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Паводле фармулёўкі з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, пад забарону трапляе і першая беларускамоўная газета “Мужыцкая праўда”, якая змяшчае такі надпіс.

Пра рашэнне суда паведаміў у сацсетках сам гурт. “Калі ласка, будзьце ўважлівыя. Калі гэта можа быць небяспечна для вас – адпішыцеся ад сацсетак і пазбаўцеся налепак, цішотак і ўсяго, што можа мець на сабе слова “DZIECIUKI”. Мы хвалюемся за вас”, – напісаў вакаліст гурта Уладзіслаў Бернат.

Акрамя назвы гурта, пад забарону трапляе і “візуальны матэрыял (выявы, лічбавыя вадзяныя знакі і г.д.) альбо тэкст “DZIECIUKI” з якімі-небудзь надпісамі ці без выкарыстання надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, эмблемы, шэўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элементы адзення, прадметы побыту і г.д.), а таксама размешчаныя на лічбавых фота і відэавыявах (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)”, сказана ў апісанні з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнне аб гэтым вынес суд Ленінскага раёна Гродна 24 красавіка 2025 года.

Раней “экстрэмісцкімі” прызналі асабістыя старонкі ў сацсетках фронтмэна гурта Алеся Дзянісава.

Распаўсюд і выраб экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі караецца паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Пры гэтым распаўсюдам лічаць і падпіску на старонкі, “лайкі” ў сацсетках, або захоўванне матэрыялаў дома.

Гістарычны “экстрэмізм”?

Нумары першай беларускамоўнай газеты “Мужыцкая праўда”, якая друкавалася лацінкай у час паўстання Каліноўскага ў 1862-63 гадах, пачыналіся менавіта з такога звароту: “Dzieciuki!”. Паводле логікі рашэння гродзенскага суда, архіўныя нумары і ўсе копіі і выявы выдання таксама зараз з’яўляюцца “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Арыгіналы газеты захоўваюцца ў дзяржаўных архівах, у тым ліку Гродзенскім архіве.

Чытайце таксама: