Беларуска-польскі форум для бізнесменаў у Гродне. Фота: "Гродзенская праўда"
Дыялогавая пляцоўка для бізнесменаў з Беларусі і Польшчы прайшла ў Гродне 25 красавіка. Мясцовыя ўлады меркавалі, што сустрэча дасць магчымасць наладзіць сувязі паміж бізнесамі дзвюх краін.
Нягледзячы на тое, што анонс форуму быў зроблены толькі на рускай мове і ўсяго на некалькіх пляцоўках — сайце Гродзенскага аблвыканкама, райвыканкама, у газеце «Гродзенская праўда» і некаторых раённых газетах, дзяржаўныя Telegram-каналы паведамляюць, што ўдзельнікамі сустрэчы сталі «каля 15 дэлегацый». Падчас сустрэчы прадпрымальнікі «пашырылі кола партнёраў і ўстанавілі кантакты на нацыянальным і міжнародных узроўнях».
Да форуму рэдакцыя Hrodna.life спрабавала даведацца аб мерапрыемстве больш, але на нашыя паведамленні, адпраўленыя з польскіх адрасоў, арганізатары не адказалі.
Ад польскага боку на форуме выступіў, у тым ліку, Кшыштаф Талвіньскі — адыёзны палітык, вядомы сваімі рэзкімі выказваннямі. У Польшчы стаўленне да спікера неадназначнае.
На форуме Талвіньскі выказаў меркаванне аб тым, што сучасная Еўропа не зможа існаваць без Расіі. Таксама спікер паведаміў, што падпісаў пагадненне з Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Беларусі, дзе ключавы пункт — «умацаванне сувязяў з Расіяй у эканоміцы, палітыцы і культуры».
Па тэме: Маргінал і прыхільнік Пуціна: хто такі Кшыштаф Талвіньскі
Яшчэ адным прадстаўніком польскага боку стаў прадпрымальнік Пётр Лучай. У 2024 годзе ён безвынікова спрабаваў стаць мясцовым дэпутатам у Падляскім ваяводстве. На сустрэчы бізнесмен узгадаў, што раней гадавы абарот паміж Беларуссю і Польшчай даходзіў да € 3 млрд. Цяпер разлічваць на такія бюджэты не даводзіцца — таму Лучай заклікаў удзельнікаў «вярнуцца да добрага суседства».
Сумесны польска-беларускі бізнес прадстаўляў Анатоль Вялікін — кіраўнік прадпрыемства па вытворчасці тары і ўпакоўкі «Бел-Пласт Інтэрнэшнл». Вялікін прызнаў, што ў сучасных умовах развіваць супрацоўніцтва складана. Але, «хто хоча працаваць — шукае магчымасці», лічыць прадпрымальнік.
Правядзенне такіх форумаў у Гродне практыкавалася і раней. Напрыклад, у 2018 годзе ў аблвыканкаме прайшла сустрэча з Падляскім клубам бізнесу.
Тады польскія прадпрымальнікі прапаноўвалі адкрыць сумеснае прадстаўніцтва, пусціць больш транспарту паміж Гродзенскай вобласцю і Падляссем, а таксама стварыць гастранамічную сетку і вытворчасць паўфабрыкатаў.
Удзельнічаў у той сустрэчы і Анатоль Вялікін. Сем гадоў таму прадпрымальнік заяўляў, што прынятыя на той момант заканадаўчыя акты дазваляюць замежным інвестыцыям прыйсці ў краіну. А польскі бізнэс зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі прадпрымальнікамі.
У Гродне і рэгіёне ёсць сумесныя польска-беларускія прадпрыемствы, у тым ліку буйныя. Многія з іх — рэзідэнты свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест». Фірма з польскім капіталам займаецца рэканструкцыяй гродзенскага піўзавода.
Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству
Міліцыя Грjдзенскай вобласці маніторыла Інтэрнэт і занепакоілася "нацызмам" сярод школьнікаў. Яны "зігуюць", слухаюць музыку Трэцяга…
Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…
Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…
«Такіх месцаў і ў свеце не так многа, а ў Беларусі нічога падобнага проста няма», —…
Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…
Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…