Дыялогавая пляцоўка для бізнесменаў з Беларусі і Польшчы прайшла ў Гродне 25 красавіка. Мясцовыя ўлады меркавалі, што сустрэча дасць магчымасць наладзіць сувязі паміж бізнесамі дзвюх краін.

Нягледзячы на ​​тое, што анонс форуму быў зроблены толькі на рускай мове і ўсяго на некалькіх пляцоўках – сайце Гродзенскага аблвыканкама, райвыканкама, у газеце “Гродзенская праўда” і некаторых раённых газетах, дзяржаўныя Telegram-каналы паведамляюць, што ўдзельнікамі сустрэчы сталі “каля 15 дэлегацый”. Падчас сустрэчы прадпрымальнікі “пашырылі кола партнёраў і ўстанавілі кантакты на нацыянальным і міжнародных узроўнях”.

Да форуму рэдакцыя Hrodna.life спрабавала даведацца аб мерапрыемстве больш, але на нашыя паведамленні, адпраўленыя з польскіх адрасоў, арганізатары не адказалі.

Скандальны палітык і дробны бізнесмен: хто прадстаўляў польскі бок на форуме

Ад польскага боку на форуме выступіў, у тым ліку, Кшыштаф Талвіньскі — адыёзны палітык, вядомы сваімі рэзкімі выказваннямі. У Польшчы стаўленне да спікера неадназначнае.

На форуме Талвіньскі выказаў меркаванне аб тым, што сучасная Еўропа не зможа існаваць без Расіі. Таксама спікер паведаміў, што падпісаў пагадненне з Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Беларусі, дзе ключавы пункт – “умацаванне сувязяў з Расіяй у эканоміцы, палітыцы і культуры”.

Па тэме: Маргінал і прыхільнік Пуціна: хто такі Кшыштаф Талвіньскі

Яшчэ адным прадстаўніком польскага боку стаў прадпрымальнік Пётр Лучай. У 2024 годзе ён безвынікова спрабаваў стаць мясцовым дэпутатам у Падляскім ваяводстве. На сустрэчы бізнесмен узгадаў, што раней гадавы абарот паміж Беларуссю і Польшчай даходзіў да €3 млрд. Цяпер разлічваць на такія бюджэты не даводзіцца – таму Лучай заклікаў удзельнікаў “вярнуцца да добрага суседства”.

Сумесны польска-беларускі бізнес прадстаўляў Анатоль Вялікін — кіраўнік прадпрыемства па вытворчасці тары і ўпакоўкі “Бел-Пласт Інтэрнэшнл”. Вялікін прызнаў, што ў сучасных умовах развіваць супрацоўніцтва складана. Але, «хто хоча працаваць – шукае магчымасці», лічыць прадпрымальнік.

У мінулым палякі былі гатовы інвеставаць у гродзенскія праекты

Правядзенне такіх форумаў у Гродне практыкавалася і раней. Напрыклад, у 2018 годзе ў аблвыканкаме прайшла сустрэча з Падляскім клубам бізнесу.

Тады польскія прадпрымальнікі прапаноўвалі адкрыць сумеснае прадстаўніцтва, пусціць больш транспарту паміж Гродзенскай вобласцю і Падляссем, а таксама стварыць гастранамічную сетку і вытворчасць паўфабрыкатаў.

Удзельнічаў у той сустрэчы і Анатоль Вялікін. Сем гадоў таму прадпрымальнік заяўляў, што прынятыя на той момант заканадаўчыя акты дазваляюць замежным інвестыцыям прыйсці ў краіну. А польскі бізнэс зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі прадпрымальнікамі.

У Гродне і рэгіёне ёсць сумесныя польска-беларускія прадпрыемствы, у тым ліку буйныя. Многія з іх – рэзідэнты свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”. Фірма з польскім капіталам займаецца рэканструкцыяй гродзенскага піўзавода.

Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству