У Гродне на продаж выставілі начны клуб “Калізей 2000”. Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі, што ўваходзіць у цану і што пра клуб думаюць у горадзе.

Клуб знаходзіцца ў цэнтры Гродна, на Карла Маркса, 31 – каля Дома сувязі. Установа была заснавана ў 2000 годзе. У 2022 годзе клуб прайшоў рэбрэндынг, тады ж абнавілі інтэр’ер і ўсталявалі новае абсталяванне.

Клуб займае плошчу 500 м² і мае двухузроўневую прастору. У ім можна праводзіць розныя мерапрыемствы ад карпаратываў і вяселляў да канцэртаў і тэматычных вечарынак.

Што ўваходзіць у кошт?

У продаж уваходзіць:

  • цалкам абсталяваная кухня;
  • барнае, светлавое і музычнае абсталяванне;
  • ліцэнзіі і ўсе неабходныя дакументы;
  • сфармаваны персанал.

Пакупніку таксама абяцаюць базу пастаянных кліентаў, вядомасць установы і “выдатную рэпутацыю”, адзначаюць зручную транспартная даступнасць.

У аб’яве аб продажы адзначана, што клуб прыбытковы. За клуб хочуць $324 000.

Што ж па водгуках?

Рэйтынг клуба ў Google – 3,1, на Яндекс.Картах – 3,6. У водгуках наведвальнікі скардзіліся на рэкламу дзіцячых дзён нараджэння і “раставога мядзведзя, які распіхвае наведвальнікаў” на танцпляцы, але адзначалі ўмераныя цэны і стараннасць дыджэя. “Перажытак мінулага”, – напісала Вераніка А. Многія пісалі пра невялікую колькасць наведвальнікаў. “Музыка зусім не для людзей 30+. Хутчэй для ўзросту 50+”, – напісала Ганна Р. і пахваліла ахову і каву.

“У навагоднюю ноч да ~2 гадзін з наведвальнікаў было 4 пенсіянеры. Музыка адпавядае кантынгенту: Шатуноў, Меладзэ, Лепс, часам трапляліся пасрэдныя трэкі сучаснага ўзору”, – напісаў карыстальнік пад нікам V SHAG тры месяцы таму.

“За ўсю ноч DJ-Кал паставіў каля 5 нармальных трэкаў. Аднак у клубе нармальная святлатэхніка, дымавая машына і прыстойнае візуальнае афармленне. Каб сядзець за сталом у напаўпустым клубе, трэба заплаціць 300 руб. У іншым выпадку задавольвайцеся металічнай табурэткай. Кактэйлі дарагія, некаторыя па 30 руб. за келіх. Пры вострым жаданні (а яно будзе) можна замовіць музыку, але гэта абыдзецца ў 20 руб.”

А вось год таму арганізацыю навагодняга карпаратыву ацанілі як выдатную.

Чытайце таксама: