На Савецкай вуліцы каля 80% падвалаў задзейнічаны пад бізнес, прыводзіць статыстыку газета «Гродзенская праўда». Пры гэтым з’яўляюцца і новыя камерцыйныя аб’екты. Напрыклад, у пачатку сакавіка 2025 года ў падвале на Савецкай, 14 адкрылася чарговая ўстанова — кафэ MoonTea. Тлумачым, у якіх выпадках выкарыстоўваць падвал у камерцыйных мэтах можна, а ў якіх — не.
Калі падвал нельга выкарыстоўваць пад бізнэс?
Асноўнае прызначэнне падвала — падтрымка інфраструктуры будынка і размяшчэнне унутрыдамавых камунікацый: каналізацыі, вадаправода і электрычнасці.
Выкарыстоўваць падвал для камерцыйных мэт можна толькі ў тым выпадку, калі ў ім няма камунікацый, а само памяшканне зарэгістравана як асобны ізаляваны аб’ект.
Як дамовіцца з уласнікамі?
Калі ў сутарэннага памяшкання адзін уласнік, ён можа выкарыстоўваць падвал у сваіх мэтах у адпаведнасці з заканадаўствам.
Але падвал можа адносіцца да агульнай маёмасці сумеснага домаўладання. Тады жыхары маюць права здаваць падвал ці частку памяшкання ў арэнду. Для гэтага патрабуецца правесці агульны збор уласнікаў жылля. Удзел у ім павінны прыняць не менш як 50% членаў таварыства.
Каб выкарыстоўваць у камерцыйных мэтах падвал, які знаходзіцца ў сумесным валоданні жыхароў, таксама патрабуецца рашэнне агульнага сходу ўдзельнікаў домаўладання. Гэта рэгулююць артыкулы 159, 166 і 167 Жыллёвага кодэкса.
Ці можна мяняць планіроўку падвала пад патрэбы бізнесу?
Для змены планіроўкі ці прызначэнні памяшкання трэба распрацаваць праект. Потым ён узгадняецца з архітэктурнай, санітарнай і пажарнымі службамі. Калі ў будынка ёсць гісторыка-культурны статус, то патрабуецца дазвол і ад Міністэрства культуры.
Для выкарыстання склепа пад бізнес трэба выканаць усе нормы: усталяваць вентыляцыю, правесці гарачую і халодную ваду, падлучыць ацяпленне, электразабеспячэнне і святло.
Што рабіць з закапанымі падваламі?
Частку падвалаў у гістарычнай частцы горада закапалі з меркаванняў бяспекі, каб захаваць будынкі ад грунтавых вод. Перш чым выкарыстоўваць такія падвалы ў камерцыйных мэтах, спатрэбіцца заключэнне ад спецыялістаў у галіне гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама геадэзіста. Спецыяліст павінен даследаваць, наколькі бяспечна карыстацца такім памяшканнем.
Чытайце таксама: У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома