Для супрацоўнікаў вышэйшага менеджменту ў Гродне ёсць 54 працоўныя месцы. Заробкі вар’іруюцца ад 8000 рублёў да сціплых 500 рублёў на 0.25 стаўкі. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала пяць самых грашовых вакансій.

Да 8000 рублёў у месяц будуць плаціць намесніку генеральнага дырэктара ў ТАА “Тайфун”, дзе выпускаюць сухія будаўнічыя сумесі. І гэта – на 0,75 стаўкі. А яшчэ будзе памесячная прэмія. Праўда, трэба свабодна валодаць тэхнічнай польскай мовай і мець досвед працы кіраўніка ў будаўнічай галіне. “Тайфун” з 2009 года ўваходзіць у польскую групу кампаній Atlas, адсюль і патрабаванні ведаць мову для начальства.

На “Гродна Азот” шукаюць двух начальнікаў сектара. Патрабуецца веданне архітэктуры камп’ютарнай сеткі і сеткавых тэхналогій. Заробак – 5200 рублёў. Каб зэканоміць, можаце ўзяць пакой у інтэрнаце – ён прадастаўляецца.

На 3750-3800 рублёў можа разлічваць намеснік дырэктара-галоўны інжынер у “Табак”, які будзе кіраваць вытворча-гаспадарчай дзейнасцю. Праўда, трэба вышэйшую адукацыю і тры гады вопыту ў кіраўніцтве.

У “ДэмсаГруп” шукаюць дырэктара. Патрэбна свабодная англійская мова, 10 гадоў вопыту і ўласны аўтамабіль. За гэта ўзнагародзяць заробкам да 3700 рублёў. Арганізацыя займаецца грамадскім харчаваннем. Напрыклад, валодае ўстановамі “Поляна City” і “Pablo Restobar”.

3500 рублёў заплацяць начальніку сектара па экалогіі ў Гродзенскім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Трэба ведаць заканадаўства ў галіне аказання паслуг аховы навакольнага асяроддзя і мець тры гады вопыту ў кіраўніцтве.