Палітзняволенаму журналісту і і лідару польскай меншасці ў Беларусі Анджэю Пачобуту на паўгода працягнулі рэжым ПКТ — памяшкання камернага тыпу. Ён не можа выходзіць на свежае паветра і працаваць, піша Telegram-канал «Право имеют».

25 сакавіка 2025 года прайшло роўна чатыры гады з дня затрымання Анджэя Пачобута. Кожны месяц 25 чысла яго калегі і паплечнікі праводзяць акцыі салідарнасці. Ён ведае пра іх і ўдзячны за гэта.

Анджэй Пачобут адбывае пакаранне восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго асудзілі 8 лютага 2023 года паводле арт.361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы». Судовыя паседжанні былі закрытымі.

Кіраўнік непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс змагла з ім сустрэцца ў 2024 годзе. Яна распавяла, што Анджэй схуднеў і выглядае дрэнна.