Падчас рэканструкцыі ўлады Гродзенскай вобласці паабяцалі, што 10 метраў самага доўгага падвеснага моста ў краіне будуць шклянымі. Беларусы патрапілі на аб’ект да афіцыйнага адкрыцця і паказалі, як у выніку рэалізавалі задумку.

Беларус Сяргей пабываў на мосце за месяц да афіцыйнага адкрыцця аб’екта — у сакавіку 2025 года. Мяркуючы па апублікаваным роліку, асноўныя працы па рэканструкцыі моста ўжо скончаны. Падлогу ў новым падвесным мосце зрабілі драўляным, на парэнчах усталявалі асвятленне.

Пры распрацоўцы праекта ўлады Гродзенскай вобласці паведамлялі, што 10 метраў драўлянай падлогі ў сярэдзіне моста заменяць на шкло.

У беларуса рэалізацыя задумкі выклікала здзіўленне: замест 10 метраў шкла на падлозе з’явілася прадаўгаватая шкляная ўстаўка, агульная плошча якой не перавышае некалькіх метраў. Такіх уставак на мосце некалькі.

Сяргей пацікавіўся ў аднаго з будаўнікоў, чаму шкло ўстанавілі не па ўсёй шырыні моста. «Бабуля будзе ісці - яна пабаіцца ісці па ўсёй шырыні. А так вы зрабілі два крокі і ўсё», — растлумачыў знешні выгляд шкляной устаўкі супрацоўнік.

Пасля Сяргея папрасілі пакінуць аб’ект.

@sergeistrukman Подвесной мост в городе Мосты обзор. Скоро открытие 🍾 #nedobloger ♬ оригинальный звук — @NEDOBLOGER

Мост рамантавалі амаль год

Капітальны рамонт самага доўгага ў Беларусі падвеснага моста пачаўся ўлетку 2024 года. Збудаванне практычна поўнасцю разабралі і замянілі яго асноўныя элементы. Адкрыццё моста праз Нёман запланавана на 28 красавіка 2025 года.