У паўночна-ўсходняй частцы замкавага комплексу Мір з’явіцца «італьянскі» сад. На тэрыторыі плошчай 6 гектараў высадзяць больш за тысячу дрэў, абсталююць аранжарэю і паставяць скульптуры. Ацаніць канчатковы варыянт сада можна будзе праз некалькі гадоў, калі дрэвы падрастуць.
Для стварэння саду высякуць дрэвы, але страту папоўняць у дзесяціразовым памеры
У Міры ўзнаўляюць «італьянскі» сад менавіта XVIII стагоддзя, таму што з таго перыяду захавалася найвялікшая колькасць архіўных дакументаў. З дапамогай іх архітэктары распрацоўвалі дэталёвы праект, які ўлічваў стылявыя асаблівасці эпохі. На распрацоўку праекта вучоным спатрэбілася дзесяць гадоў.


Работы па стварэнню саду вядуцца з нуля, адзначыў «Гродзенскай праўдзе» дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка.
— Было вывучана шмат дакументаў, праведзены аналіз ландшафту Мірскага замка, які мы маем сёння. Распрацаваны праект «італьянскага» саду мы выставілі на абмеркаванне для жыхароў аграгарадка, каб яны маглі выказаць свае заўвагі ці прапановы. Так, напрыклад, многіх грамадзян хвалявала, што для адраджэння сада давядзецца ссекчы 134 дрэвы. Мы растлумачылі насельніцтву, што па выніку на тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір мы высадзім 1340 дрэў. Гэта значыць папоўнім страту ў дзесяціразовым памеры, — адзначае Лойка.
У садзе з’явяцца зялёныя загарадзі, скульптуры і аранжарэя
Пры стварэнні саду спецыялісты будуць прытрымлівацца аўтэнтычнай планіроўцы. Так сад будзе размяшчацца прыступкамі, а яго паверхню падзеляць дыяганальнымі і прамымі дарожкамі. Таксама павінен з’явіцца вадаём і фантан з кветнікамі ці брукаванай пляцоўкай.
Яшчэ адна адметнасць арыгінальнага «італьянскага» саду — цурчанне вады. Мае значэнне і каляровая гама садовай зоны. Тут павінен пераважаць цёмна-зялёны колер раслін, які будзе гарманічна спалучацца з рознымі адценнямі каменя.
Лойка дадае, што згодна з праектам, уся тэрыторыя будучага саду будзе выдзяляцца з навакольнага ландшафту ліпавай шпалерай. Унутраную кампазіцыю сфарміруюць з пладовых дрэў і кустоў, таксама выкарастаюць узрастаючыя па вышыні зялёныя загарадзі і насаджэнні. У садзе з’явіцца аранжарэя з экзатычнымі раслінамі, таксама ўсталююць скульптуры сучасных аўтараў.
Работы ў садзе плануюць завяршыць у 2025 годзе
Работы на тэрыторыі комплексу ўжо вядуцца. Спецыялісты ачышчаюць возера, фантанарый ужо ўстаноўлены. Будаўнікі праводзяць камунікацыі. Пасля гэтага вакол «італьянскага» саду ўсталююць агароджу, а ўжо ў канцы вясны пачнуць добраўпарадкоўваць асноўную частку саду.
Работы плануюць завяршыць у гэтым годзе. Але паўнавартасны выгляд сад набудзе толькі праз 3−4 гады, калі дрэвы і хмызнякі падрастуць.


Лавандавыя алеі і сотні рэдкіх дрэў: якім быў сад у Міры
Аўтэнтычны «італьянскі» сад у Міры не захаваўся да нашых дзён. Гаспадар палаца, Мікалай Хрыстафор Радзівіл, вырашыў пабудаваць яго, убачыўшы прыклад у Італіі і Усходнім Міжземнамор'і, калі здзяйсняў паломніцтва па Святой зямлі. Парк заклалі ў канцы XVI стагоддзя за сценамі замка.
З гадамі сад перабудоўвалі з выкарыстаннем розных стылявых прыёмаў і не аднойчы аднаўлялі з нуля. Напрыклад, у XVIII стагоддзі Мірскі замак быў цалкам спалены шведамі. Тады адраджэннем сада займалася Ганна Катажына Радзівіл. Потым гэтую справу працягнуў яе старэйшы сын.
Згодна са знойдзеным інвентаром ад 1746 года, «італьянскі» сад меў выразны геаметрычны малюнак і складаўся з 25 квадратаў. У іх раслі пладовыя дрэвы, гародніна, лекавыя травы. Усяго было высаджана каля 400 рэдкіх дрэў. За садам размяшчаўся дом садоўніка, гаспадарчыя пабудовы, цяпліцы і агарод.
Ад самага замка да пабудоў зялёнымі сценамі выцягваліся алеі. Першая складалася з дрэў розных парод, у тым ліку ліп і канадскіх таполяў. Другую ўтваралі хмызнякі: парэчка, агрэст і лаванда. Трэцяя алея была вішнёвай.
У 1830 годзе пракладзеная дарога на Стоўбцы адрэзала сад ад замка, што прывяло да яго паступовага згасання.