У Гродне створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу (АДДС) на 16 арганізацый. Яна аб’яднае экстраныя службы і камунальныя арганізацыі горада. Разабраліся, навошта яна патрэбна, чым будзе карысная гродзенцам і як ёй карыстацца.
Рашэнне гарадскога выканкама аб стварэнні службы апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У службу ўвойдуць:
- гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС РБ,
- РАУС Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў,
- Ленінскі і Кастрычніцкі аддзелы Дэпартамента аховы МУС РБ,
- ААТ «Гродна Азот»,
- завод «Хімвалакно»,
- Гродзенскі гарадскі раён электрычных сетак філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга»,
- філіял «Гродзенскія цеплавыя сеткі» РУП «Гроднаэнерга»,
- ПУ «Гроднагаз» РУП «Гроднааблгаз»,
- ДУКПП «Гроднаводаканал»,
- філіял «Гродзенская цеплаэлектрацэнтраль-2» РУП «Гроднаэнерга»,
- Гродзенская абласная станцыя хуткай медыцынскай дапамогі,
- Гродзенскі занальны вузел электрасувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам»,
- Аб’яднаная станцыя Гродна транспартнага РУП «Баранавіцкае аддзяленне Белчыгунка»,
- Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка.
Большасць службаў і арганізацый, акрамя сілавікоў, водаканала і ЖКГ, былі падключаны да АДДС з іх згоды.
Дазваніцца ў службу можна будзе па нумарах 101 ці 112. Так жыхары змогуць хутка атрымаць дапамогу пры аварыях, пажарах, камунальных збоях і іншых экстраных сітуацыях.
Навошта патрэбна новая служба і як будзе працаваць
Галоўная задача новай службы — аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і прадухіленне праблем, якія парушаюць нармальнае жыццё гараджан.
Усе звароты паступяць у Цэнтр аператыўнага кіравання (ЦАУ) на Курчатава, 1. Там паведамленні прааналізуюць і перададуць у патрэбную службу. Напрыклад:
- калі адбыўся пажар — выклік накіруюць ратавальнікам,
- пры аварыі на водаправодзе — у «Гроднавадаканал»,
- пры адключэнні электрычнасці — у энергаслужбы.
АДДС забяспечыць хуткае ўзаемадзеянне паміж службамі, што павінна скараціць час рэакцыі на здарэнні. Гараджанам не трэба будзе шукаць кантакты розных арганізацый, а павінна хапіць аднаго званка.
Чытайце таксама: Паступае 800 званкоў у суткі. Як у Гродне працуе партал 115.бел