Паводле дадзеных сайта арганізацыі IQAir 12 сакавіка індэкс якасці паветра ў Гродне складае 112. Такі паказчык лічаць шкодным для ўразлівых груп насельніцтва. Для параўнання, у Мінску на момант публікацыі індэкс якасці паветра склаў 93. Hrodna.life разабраўся, што адбываецца.

У Гродзенскай вобласці на момант публікацыі амаль такое, як у Гродне, паветра было ў Сапоцкіне — індэкс 111. У Мастах — 108, у Ваўкавыску — 106, у Воранаве і Лідзе — 105. Найлепшы паказчык склаў 97 — у Смаргоні. З абласных цэнтраў у Брэсце індэкс якасці паветра вызначаюць як 104, у Віцебску — 73, у Гомелі - 63, у Магілёве — 73.

IQAir вызначае якасць паветра ў гарадах, дзе ёсць маніторынг гэтага паказчыка. Індэксы могуць быць такімі: добра (0—50), сярэдне (51—100), шкодна для ўразлівых груп (101—150), шкодна (151—200), вельмі шкодна (201—300) і небяспечна (301+).

Паводле дадзеных aqi.in у Беларусі сярэдні ўзровень забруджвання паветра часціцамі PM2.5 зараз складае 34 µg/m³, PM10 — 45 µg/m³. У Гродне — 39 µg/m³ часціц PM2.5 і 52 µg/m³ PM10 (у Мінску — 28 µg/m³ па часціцах PM2.5 і 40 µg/m³ - PM10). Для параўнання, згодна з Белстат, у 2023 годзе сярэднегадавы ўзровень утрымання цвёрдых часціц класа PM10 у паветры Гродна склаў 7 µg/m³. Гэта было ў разы менш за паказнікі ў любым іншым абласным цэнтры Беларусі (у Гомелі было 44 µg/m³, пры тым, што гранічна дапушчальная канцэнтрацыя такога пылу — 40 µg/m³). Рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ўзровень цвёрдых часціц PM2.5 у паветры — 5 µg/m³. Часціцы класа РМ10 — гэта пыл і рэчывы дыяметрам ад 10 мікрон і менш. Часціцы класа РМ2,5 — гэта тонкадысперсныя часціцы і пыл ад 2,5 мікрон і менш. Яны больш шкодныя, бо могуць трапляць глыбока ў лёгкія. Часціцы РМ2,5 і большыя прыносяць, у тым ліку, пыльныя буры.

Чытайце таксама: У гарадах Беларусі вымералі якасць паветра: Гродна апынуўся лепшым з усіх абласных цэнтраў

З чым можа быць звязана пагаршэнне?

Прычынай такіх паказчыкаў у Гродне магла стаць пыльная бура, якая прыйшла ў Еўропу з Афрыкі разам з пацяпленнем. Дробны пыл пустыні часам паднімаецца высока ў атмасферу і падае на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў. Па актуальным стане, найгоршае паветра зараз у Польшчы, і яно рухаецца ў бок Беларусі.

У Гродне - кепская якасць паветра
Актуальны стан паветра ў Еўропе і кірунак ветру. Крыніца: IQAir

У Беларусі з пачатку сакавіка ўстанавілася сухое бязветранае надвор’е без ападкаў, што, у сваю чаргу, таксама прывяло да павышэння канцэнтрацыі пылу ў паветры. Яе крыніцамі сталі як прыродныя, так і антрапагенныя фактары: пыл з адкрытых грунтоў, выкіды ад транспарту і прамысловасці, сціранне дарожнага пакрыцця і дым ад прыродных пажараў, расказалі ў Мінпрыроды. Рассейванню пылу замінала тэмпературная інверсія, з-за якой забруджвальныя рэчывы назапашваліся ў ніжніх пластах атмасферы. Паводле звестак шматгадовых назіранняў, вясной узровень пылу ў паветры традыцыйна ўзрастае.

Што прыносіць пыльная бура

Падчас пыльных бур зніжаецца бачнасць і пагаршаецца якасць паветра. Часціцы PM2.5 і некаторыя часціцы яшчэ большага памеру могуць заставацца ў завіслым стане ў паветры на працягу доўгага часу. Яны могуць пранікаць глыбока ў дыхальную сістэму, раздражняючы дыхальныя шляхі, абвастраючы існуючыя захворванні і павышаючы рызыку сардэчна-сасудзістых праблем. Акрамя таго, пыльныя буры могуць пераносіць забруджвальныя рэчывы і алергены. Няма пераканаўчых доказаў таго, што PM2.5 з неантрапагенных крыніц, такіх як пыльныя буры, менш шкодны, чым антрапагенныя або створаныя чалавекам крыніцы, такія як згаранне аўтамабіляў, удакладняе IQAir.

Як абараніць сябе ад дрэннай якасці паветра?

  • Усталюйце бясплатную праграму для атрымання папярэджанняў і прагнозаў якасці паветра ў рэжыме рэальнага часу.
  • Зачыніце дзверы і вокны і пераключыце сістэму ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянавання паветра ў рэжым рэцыркуляцыі.
  • Пры дрэннай якасці паветра заставайцеся ў памяшканні, а калі вам усё ж прыйдзецца выйсці на вуліцу, надзеньце маску KN95/FFP2.
  • Выкарыстоўвайце ачышчальнік паветра для фільтрацыі часціц, газаў і іншых забруджвальных рэчываў.