У новым турыстычным сезоне альтанкі для адпачынку паставяць на шлюзе Нямнова. Таксама там з’явіцца пракат катамараноў.

Праектаванне інвестарамі новых аб’ектаў турыстычнай індустрыі на Аўгустоўскім канале абмеркавалі 4 сакавіка на пасяджэнні Міжведамаснай каардынацыйнай рады па комплексным развіцці Аўгустоўскага канала пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, піша канал Visit Grodno region.

На пасяджэнні, у тым ліку, гаварылі аб падрыхтоўцы Аўгустоўскага канала да турыстычнага сезона, рамонце шлюзаў і гідравузлоў, абмяркоўвалі пытанні бесперабойнай навігацыі і выкарыстанне акваторыі канала для розных відаў плаўсродкаў.

Шлюз «Нямнова» — найбуйнейшы шлюз Аўгустоўскага канала, размешчаны ў вёсцы Нямнова. Пабудаваны ў XIX стагоддзі, ён першапачаткова меў тры камеры, але пасля рэканструкцыі стаў чатырохкамерным. Яго даўжыня складае 9,6 м, а перапад вады — амаль 10 метраў, што робіць яго самым складаным інжынерным збудаваннем на канале. У вёсцы Нямнова захаваўся арыгінальны Домік наглядчыка шлюза, пабудаваны ў 1830 годзе ў стылі рускага ампіру. Прыватны музей гісторыі Аўгустоўскага канала, размешчаны там жа, часова не працуе.

Што яшчэ планавалі зрабіць у 2025 годзе

Раней таксама паведамлялі, што ў 2025 годзе на Аўгустоўскім канале ў раёне вёскі Пясчаны з’явіцца турыстычны глэмпінгавы цэнтр. Ён будзе складацца з двух- і чатырохмесных домікаў, якія плануюць убудаваць у прыродны ландшафт. Домікі будуць забяспечаны ўсімі выгодамі для круглагоднага пражывання турыстаў. Цэнтр арганізуе новы рэзідэнт Свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест» — «НомадХаус Гродна».

У чэрвені 2024 года ў Беларусі адзначылі 200-годдзе Аўгустоўскага канала ў рамках Фестывалю нацыянальных культур. Да юбілею канала абнавілі тэксты экскурсій і выпусцілі памятныя паштоўкі. У Польшчы 200-годдзе канала адзначалі годам раней.