Гродзенец Аляксандр Барысевіч патраціў тры гады на тое, каб скрыжаваць «Волгу» з Bugatti. У рэалізацыі праекту яму дапамагала каманда з трох чалавек. Як паведамляе Onliner.by, у сакавіку 2025 года гродзенцы прэзентавалі сваю вынаходку — «Волгаці».
Некалькі гадоў таму Аляксандр знайшоў у інтэрнэце скрыжаваны «Масквіч» з Bugatti Chiron. Ідэя гродзенцу спадабалася і ён вырашыў яе рэалізаваць.
— Сталі накідваць варыянты. Можа, узяць кузаў Bugatti пасвяжэй? Ну, тады і «морду» можна замяніць! «Прыфаташопілі» пярэднюю частку ад ГАЗ-24 «Волга», а потым дашлі да класікі — да дваццаць першай. Першапачаткова донарам шасі і сілавога агрэгата быў пярэднепрывадны Ford Probe. Але пазней я зразумеў: калі ўсё будзе гатова, хачу, каб на гэтым аўтамабілі можна было ўвесь час ездзіць. Так і падабралі больш прыдатны варыянт — шасцёрку з маторам на 330 коняў, — распавядае Аляксандр.
У канчатковым варыянце машыны дэталяў ад «Волгі» не засталося. Гродзенцы здымалі матрыцу з запчастак машыны, напрыклад капота, а затым выраблялі ідэнтычныя дэталі са шклапластыка. Кузаў Bugatti маляваўся на кампутары, затым стваралася 3D-мадэль, а на яе аснове выраблялася дэталь са шклапластыка.
— Частка задняга бамперу Bugatti каштуе $ 100 тыс., таму, відавочна, запчастак ад яго тут няма, — адзначае гродзенец. Рэалізацыя «Волгаці» абышлася ў $ 120 000.



Гродзенец дадае, што ў машыны ёсць праблемы з легалізацыяй — паставіць яе на ўлік у Беларусі наўрад ці атрымаецца.
— Мы ніяк не пазіцыянуем праект з камерцыйнага пункту гледжання. Гэта проста такі праект па фану. Адпаведна, мы не гатовыя рабіць падобныя машыны пад замову, — дадае Аляксандр.
Гродзенец вядзе YouTube-канал «Лихой ТопорЪ» — там ён публікуе ролікі, у якіх паказвае, як рэстаўрыруе машыны. Аляксандру хацелася ажывіць канал, таму ён і вырашыў рэалізаваць ідэю са скрыжаваннем «Волгі» і Bugatti. Гэта стала свайго роду піяр-ходам.
Чытайце таксама: Ад 260 тысяч да паўмільёна. Якія самыя дарагія ўжываныя машыны можна купіць у Гродне