Навіны

Канструктывісцкі дом на рагу Міцкевіча пераробяць пад гасцініцу. Яму амаль 100 гадоў

Драўляны зялёны будынак на рагу Міцкевіча і Мітрапаліта Філарэта плануюць перарабіць пад гасцініцу. На першым паверсе размесцяць рэстаран і кафэ. Гэты дом — прыклад драўлянага канструктывізму 1930-х гадоў - пуставаў шмат гадоў.

Праект прадугледжвае рэканструкцыю нежылога будынка па вул. Міцкевіча, 1. Першы паверх зойме вестыбюль гасцініцы, рэстаран і кафэ. Таксама там будуць дапаможныя і тэхнічныя памяшканні. На другім і трэцім паверхах будуць апартаменты і нумары для гасцей і тэхнічныя памяшканні для абслугоўвання нумароў. У падвале хочуць размясціць дапаможныя памяшканні для грамадскага харчавання і тэхнічныя памяшканні. Плошча зямельнага ўчастка, на якім стаіць будынак, — 0,017 га.

У будынак правядуць халоднае цэнтралізаванае водазабеспячэнне, каналізацыю, ацяпленне ад праектаванай кацельні на газавым альбо на цвёрдым паліве, электразабеспячэнне, абсталююць вентыляцыю і кандыцыянаванне.

Заказчык рэканструкцыі - гандлёвы дом «Шакоціс», які займаецца неспецыялізаваным аптовым гандлем.

Будынак размешчаны ў водаахоўнай зоне Юрысдыкі і ў зоне аховы нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей «Гістарычны цэнтр Гродна». Рэалізоўваць праект трэба будзе з улікам комплекснага навуковага даследавання ад ТАА «Навукова-праектны цэнтр «РЭСТАБІЛІС». Пры правядзенні земляных і будаўнічых работ спатрэбіцца археалагічны нагляд.

Праграму ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) рэканструкцыі будынка апублікаваў Гродзенскі гарвыканкам. Падрыхтаваць справаздачу аб АУНА павінны ў сакавіку, і ў сакавіку-красавіку правесці грамадскія абмеркаванні. Сход правядуць толькі ў выпадку звароту грамадзян. У красавіку-траўні перадпраектную дакументацыю накіруюць на экалагічную экспертызу. У траўні-чэрвені павінны прыняць рашэнне па планаванай дзейнасці.

Дом — прыклад драўлянага канструктывізму раёна Новы Свет

Будынак на рагу Міцкевіча быў пабудаваны пасля 1932 года, сказана ў даведніку «Біяграфія гарадзенскіх вуліц». Ён з’яўляецца прыкладам драўлянага канструктывізму. На доме гарызантальная абшыўка. Асноўны аб’ём двухпавярховы. Кампазіцыйная выразнасць пабудавана на суадносінах розных па вышыні аб’ёмаў модуляў. Нізкасхільны ва ўсе бакі дах схаваны за шырокім карнізам. Вокны будынка розняцца па памерах. На модулі пад магазін яны шырокія, вітрынныя, на жылым маюць аканіцы аднолькавага фасону, але за кошт падаконных цяг успрымаюцца як адзіны рытм. Малыя квадратныя вокны трэцяга паверха надаюць гэтай частцы будынка выгляд вежы. Магчыма, у 1937 г. тут размяшчаўся адзін з магазінаў таварыства «Ранак» («Jutrzenka»).

Апошнія жыхары выехалі адсюль у 2017 годзе. Сярод планаў быў знос дома і будаўніцтва на гэтым месцы гандлёвага цэнтра. У 2020 годзе будынак выстаўлялі на аўкцыён разам з дамамі на Міцкевіча, 7 і Міцкевіча, 9. Два апошнія тады прадалі іншаму ўласніку, работы ў іх ужо ідуць.

Чытайце таксама: У суседнім з «Домам з драконамі» будынку на Міцкевіча адкрыюць магазін. Праект абмяркуюць

Апошнія запісы

У святкаванні Дня перамогі задзейнічаюць жывёлін. Удзельнічае і каза з Гродзенскага заапарка

У акцыях на 9 траўня, прысвечаных святкаванню 80-годдзя перамогі, вырашылі задзейнічаць жывёл. Сабаку па мянушцы…

9 мая 2025

Аркі на Савецкай ужо ўпрыгожылі кветкамі - гараджане параўноўваюць вуліцу з «маленькай Галандыяй»

Супрацоўнікі "Гродназелянбуда" ўжо ўпрыгожваюць аркі на Савецкай кветкамі. У сацсетках з'яўляецца ўсё больш відэа з…

9 мая 2025

Над гродзенскім піўзаводам устанавілі флюгер з сімвалічнай датай. Яго аўтар — знакаміты каваль

У траўні на даху комплексу «Бровар Гродна» з'явіўся флюгер. Пры рэстаўрацыі гродзенскага піўзавода інвестару было…

9 мая 2025

Гродзенец знайшоў рэдкія здымкі горада часоў Першай сусветнай вайны

Гродзенскі краязнаўца Аляксандр Перагудаў знайшоў у расійскіх фондах шэраг малавядомых здымкаў Гродна часоў Першай сусветнай…

8 мая 2025

Праўладны Telegram-канал сцвярджае, што ў Гродне няма праблем з бульбай. Гараджане абурыліся

У траўні беларусы сталі актыўна абмяркоўваць знікненне бульбы з паліц у крамах. Звярнулі ўвагу і…

7 мая 2025

У Беларусі скарачаецца насельніцтва, у Гродне і Лідзе — расце

Гарадское і сельскае насельніцтва Беларусі скарачаецца. Згодна з Белстатам, у Гродне і Лідзе сітуацыя выглядае…

7 мая 2025