Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай таямніцы, піша «Наша Ніва».

Закрыты суд па ч. 1 арт. 375 КК над Уладзімірам Кісялёвым пачнецца 24 лютага 2025 года ў Гродзенскім абласным судзе. Што за таямніца і каму яе раскрыў Кісялёў — невядома.

Уладзіміру Кісялёву 66 гадоў. Ён родам з вёскі Харкаўка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Па адукацыі ён інжынер-механік. Працаваў мужчына адразу ў дзвюх сферах: кіраўніком на прадпрыемствах і чыноўнікам. У чэрвені 2022 года яго прызначылі на пасаду дырэктара «Краснасельскбудматэрыялы», найбуйнейшага вытворцы будаўнічых матэрыялаў у Беларусі.

Яшчэ летам 2024 ён быў пазначаны на сайце прадпрыемства як генеральны дырэктар і раздаваў каментары. Неўзабаве ён знік. Па звыклай практыцы дзяржаўныя СМІ нічога не паведамлялі пра затрыманне Кісялёва, яго імя проста ціхенька сцерлі з сайта «Краснасельскбудматэрыялы».

Чытайце таксама: Цэментны завод у Краснасельскім: страты штогод растуць, дывідэнты не выплачваюць, ёсць дзясяткі вакансій