Актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін прызнаў, што сапраўды супрацоўнічаў з КДБ. Але, паводле яго слоў, пасля пераезду ў Польшчу сувязяў са спецслужбамі ў яго не было. Супрацоўніцтва з КДБ ён спыніў у 2016 годзе, калі паступіў у семінарыю. Аб сваёй агентурнай дзейнасці Дудкін расказаў у эфіры тэлеканала Belsat.
Раней актывіст паведаміў журналістам Hrodna.life, што не з’яўляецца супрацоўнікам КДБ. У сувязях са спецслужбамі яго абвінавацілі калегі па партыі.
Першы званок ад КДБ адбыўся ў 2009 годзе
Дудкін прызнаў, што ён родам з праўладнай сям'і, якая хацела, каб ён пабудаваў кар’еру ў БРСМ.
«Мой тата працаваў у міліцыі. Я сапраўды думаў, што, магчыма, пасля ліцэйскага класа я пайду ў акадэмію МУС. Гэта праўда, але я не прайшоў у акадэмію і паступіў на гістарычны факультэт у Магілёве. І да мяне прыйшлі супрацоўнікі КДБ, дакладней яны пазванілі. Гэта быў 2009 год. Гэта быў момант, калі я пачаў наведваць заняткі польскай мовы».
Аб супрацоўніцтве з КДБ: «Я не бачыў у гэтым зла»
Дудкіна запрасілі прыйсці ў КДБ, дзе і прапанавалі супрацоўніцтва — актывіст пагадзіўся.
«Я не бачыў у гэтым зла. Бо я чалавек, які вырас у гэтай сістэме. Сёння я гатовы пра гэта сказаць. Таму што людзі, якія выраслі ў праўладных сем’ях, маюць абмежаванае інфармацыйнае поле».
Падчас вучобы ў Магілёве Дудкін атрымаў першае заданне ад спецслужбаў. Тады яму трэба было назіраць за людзьмі, якія, як мяркуецца, з’яўляліся прадстаўнікамі замежнай разведкі. Актывісту трэба было ўвайсці ў іх давер, а таксама знайсці матэрыялы, якія б іх скампраметавалі. Дудкін не назваў імёны людзей, за якімі павінен быў назіраць.
«Маёй задачай было заўважыць, ці сапраўды асоба завербаваная замежнымі структурамі, якія дзейнічаюць, каб знішчыць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, канстытуцыйны лад. Так, гэта гучыць звычайна ў Беларусі ў сем’ях сілавікоў. І я сапраўды ў гэта верыў».
Па словах Дудкіна, ён не ведае людзей, якія ў выніку яго справаздач былі б затрыманыя, арыштаваныя, асуджаныя ці пазбавіліся пасады ва ўніверсітэце, а затым не працаўладкаваліся. Аднак актывіст дадае, што тых, за кім ён назіраў, было шмат.
Супрацоўніцтва з КДБ спынілася ў 2016 годзе
У 2016 годзе Дудкін паступіў у рымска-каталіцкую семінарыю і вырашыў, што калі плануе быць святаром, то не павінен займацца пытаннямі дзяржбяспекі.
«Яны выходзілі на сувязь, спрабавалі даведацца, што адбываецца ў Рымска-каталіцкай семінарыі. Магу сказаць дакладна, што мой адказ быў наступны: „У рымска-каталіцкай семінарыі горада Пінску няма антыдзяржаўных выказванняў“. Калі я ўжо выехаў за мяжу [у 2018 годзе — Hrodna.life], ніякай супрацы з беларускім КДБ не было. Гэта я гатовы пацвердзіць на паліграфе», — сказаў Дудкін. Праўда, да канца 2020 года ён яшчэ прыязджаў у Беларусь і актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны.
Па словах актывіста, ён не спыніў супрацоўніцтва са спецслужбамі раней, бо не ведаў, як выйсці з сістэмы. Таксама ён баяўся арышту з-за парушэння падпіскі аб неразгалошванні дзяржаўнай таямніцы.
Выкарыстоўваў КДБ у сваіх мэтах
Пасля выхаду інтэрв'ю Belsat у эфір, Дудкін пракаментаваў яго ў Facebook. Актывіст адзначыў, што таксама выкарыстоўваў КДБ у інтарэсах партыі БХД (Беларуская хрысціянская дэмакратыя).
«Cамая вялікая гарадская суполка моладзі БХД у Беларусі, добрая мясцовая кампанія 2014, абарона каталіцкіх могілак у Бялынічах ад руйнавання, захавання ў Беларусі ксяндза паляка», — адзначыў актывіст.
Чытайце таксама: Хто такі Яўген Дудкін