Асыпаную тынкоўку звонку будынка і «прымусовае праветрыванне» з дапамогай адчыненых фортак у фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў Ваўкавыску паказала на відэа ў TikTok гараджанка. Унутры басейна карціна не лепшая: вільгаць збіраецца на столі, з якой адвальваюцца кавалкі тынкоўкі. Жанчына адправіла ў Дзяржкантроль зварот, на які прыйшоў адказ з Упраўлення ЖКГ Гродзенскай вобласці. У ім сцвярджаюць, што з ФАКам усё ў парадку, хаця на відэа відаць, што гэта не так.
Аўтарка відэа звяртае ўвагу, што ў пачатку ліста чыноўнікі паведамляюць, што Ваўкавыскі ФАК працуе згодна з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі, але ўжо на наступнай старонцы прызнаюць, што гэтыя нормы парушаюцца.
«Атрымліваецца, што санітарныя нормы для басейна, дзе плаваюць маленькія дзеці, гэта кандэнсат і цвіль?» — задаецца пытаннем жанчына.
У басейне ёсць дэфекты сцен і столі, працяканні і грыбок. Калі іх прыбяруць?
Начальнік УЖКГ Наталля Гуламава ў адказе на зварот сцвярджае, што ў ФАКу ўсё адпавядае санітарным нормам. Для праветрывання ў зале басейна сапраўды круглы год выкарыстоўваюць адчыненыя вокны, таму што сістэмы прыточнай механічнай вентыляцыі няма, ёсць толькі выцяжныя ўстаноўкі. Але адкрыванне вокнаў падчас плавання ў санітарных нормах ніяк не рэгламентуецца, а значыць парушэнняў тут няма.
![ФОК в Волковыске. Скриншот видео из TikTok](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2025/02/fok-volkovysk-02.webp)
![ФОК в Волковыске. Скриншот видео из TikTok](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2025/02/fok-volkovysk-03.webp)
Пры гэтым Гуламава прызнае, што ў басейне сапраўды ёсць дэфекты пліткавага пакрыцця сцен і падлогі, а на сценах месцамі праступаюць цёмныя плямы, збіраецца кандэнсат. Аказваецца, яшчэ ў кастрычніку 2024 Ваўкавыскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выдаў прадпісанне. Па ім да 1 верасня 2025 года басейн трэба абсталяваць прыточна-выцяжной вентыляцыяй, адрамантаваць падлогу, сцены і столь, прыбраць сляды працяканняў і грыбок.
У канцы ліста чыноўніца паведамляе, што ў 2025 годзе запланавана рэканструкцыя будынка ФАК: рамонт даху, фасада будынка і інжынерных сетак.
«З гэтага адказу ў мяне ўзнікла вельмі шмат пытанняў. Але адно з іх у мяне да прадпрымальнікаў нашага горада і раёна. А да вас таксама лаяльна ставіцца санстанцыя нашага раёна, як да памяшкання ФАКа?» — задае ў канцы відэа рытарычнае пытанне ваўкавычанка.
Хто адказвае за Ваўкавыскі ФАК?
Да канца 2024 года фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Ваўкавыску быў у гаспадарчым вядзенні Ваўкавыскай камунальнай гаспадаркі. Але 31 снежня ФАК па рашэнні райвыканкама перадалі на баланс Ваўкавыскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Паводле інфармацыі абласнога УЖКГ, на момант перадачы стан комплексу адпавядаў патрабаванням і санітарным нормам. Але пры гэтым ужо тады былі выпісаны прадпісанні на выпраўленне парушэнняў. Цяпер іх павінен выпраўляць менавіта раённы фізкультурна-спартыўны клуб, а не камунальная гаспадарка.
Будынак ФАК пабудаваны ў 1990 годзе. У ім ёсць басейн на чатыры дарожкі, саўна, спартыўная зала, мужчынская атлетычная і жаночая трэнажорная залы, на тэрыторыі ёсць таксама спартыўная гульнявая пляцоўка з гумовым пакрыццём і хакейная пляцоўка.