Сям’я Лізаветы пераехала з Расіі ў Гродна паўгода таму. У сваім TikTok дзяўчына распавядае аб тым, як праходзіць яе адаптацыя ў новым горадзе і дзеліцца адрозненнямі, якая паспела заўважыць. Напрыклад, Лізавету здзівілі касцёлы і лютэранскія кірхі - па словах дзяўчыны, у буйных расійскіх гарадах яна такога не бачыла. На TikTok-акаўнт расіянкі звярнула ўвагу «Наша Ніва».
У Гродна сям’я пераехала, бо ім хацелася жыць бліжэй да Еўропы.
У Гродне атмасфера еўрапейскага горада, а сметнікі стаяць на кожным куце
Першае, на што звяртае ўвагу Лізавета, — сметнікі, якія ў Гродне знаходзяцца «ля кожнай лавачкі, у кожным месцы». Па словах дзяўчыны, у яе родным горадзе яны стаялі далёка не ўсюды.
Падабаецца Лізавеце і еўрапейская атмасфера горада. «Я не аматар савецкага вайба. Напрыклад, як у серыяле „Слова пацана“. Не. Гэта дакладна не маё. Я вельмі люблю еўрапейскія вулачкі, еўрапейскія будынкі. Ведаеце, такога пастэльнага колеру, у якіх вокны такія прыгожыя. І на гэтых вокнах вісяць кветачкі».
«Я люблю разглядаць каталіцкія саборы, хрысціянскія саборы, якіх тут таксама шмат, лютэранскія касцёлы. Усё тут вельмі прыгожа і гарманічна выглядае», — расказвае дзяўчына.
У каментарах карыстальнікі адзначаюць, што ў Гродне ўсе цэрквы: і каталіцкія, і праваслаўныя, і кірхі - хрысціянскія. На гэта Лізавета адказвае, што ў Маскве і Піцеры бачыла толькі праваслаўныя цэрквы і мячэці.
«Каталіцкіх сабораў я нідзе не бачыла, нават у Маскве, Піцеры. Таму для мяне каталіцкія і лютэранскія цэрквы — нешта новае і цікавае», — адзначае расіянка.
Дзяўчына кажа, што такое ўражанне ў яе склалася менавіта пра Гродна. Пра Мінск яна такога сказаць не можа. «Гэта не значыць, што Мінск мне не падабаецца. Я проста кажу, што Гродна па вайбе мне пасуе больш».


Гродзенцы вязуць адзенне з Польшчы, таму выглядаюць стыльна
Не засталася без увагі дзяўчыны і мода. Паводле яе слоў, у Гродне яна «больш развіта, і людзі ў брэндах разбіраюцца больш». «Зразумела, горад знаходзіцца побач з Польшчай, і ўсё вязуць адтуль. Насамрэч гэта вельмі крута. Тут я знайшла для сябе больш рэчаў. І я скажу так: тут больш актуальныя сэканды. У Расіі сэканды не актуальныя ад слова „зусім“, а тут жа яны вар'іруюцца як самыя звычайныя крамы адзення», — адзначае Лізавета.
У Беларусі смачная малочка, а садавіна і гародніна — такія ж
Асобна Лізавета распавяла аб адрозненнях у ежы. «Тут вельмі смачная ежа. Здавалася б, якія змены? Не. Яны ёсць, і яны дастаткова вялікія. Па-першае, гэта малочка. Яна тут нашмат смачнейшая. Я не магу сказаць такое пра смятану, кефір, бо я проста іх не люблю. У асноўным я харчуюся малаком, тварагом, сырнікамі і сыркамі».
Мяса, як сцвярджае расіянка, таксама смачнейшае ў Гродне. А вось па садавіне і гародніне ніякіх адрозненняў яна не заўважыла.
У школе не пераскокваюць з тэмы на тэму, а дзесяцібальная сістэма адзнак складаная для разумення
Лізавета вучыцца ў школе. Таму пераехаўшы з Расіі ў Гродна, ёй прыйшлося адаптавацца да беларускай школьнай праграмы. Па словах дзяўчыны, яна «больш чым задаволеная», нягледзячы на некаторыя адрозненні ад расійскай. «Тут мы не спяшаемся, не пераскокваем з тэмы на тэму і абмяркоўваем матэрыял як мінімум два ўрокі».
Школьніца адзначае, што ў першыя два месяцы ёй было складана прывыкнуць да дзесяцібальнай сістэмы адзнак, якая дзейнічае ў беларускіх школах. «Я не разумела, як пераводзіць у пяцібальную сістэму, гэта значыць, якія адзнакі мне патрэбныя, каб я магла выйсці выдатніцай. У выніку я разабралася і прывыкла. Але ўсё роўна недзе ў глыбіні душы мне больш падабаецца пяцібальная сістэма».
Адказваючы на каментары карыстальнікаў, дзяўчына расказвае, што займаецца з рэпетытарам беларускай мовай. У школе ёй пакуль адзнакі па ёй не ставяць.
Чытайце таксама: На Вялікай Траецкай нельга жыць з-за дрэннай энэргетыкі: расіянка з’ездзіла ў Гродна і падзялілася ўражаннямі