Першай на гарналыжным комплексе ў Каробчыцах адкрыюць трасу для цюбінгаў. Яна будзе працаваць з 13.00 да 22.00. Удакладнілі цэны на ўваход і пракат.
Цюбінгавая траса адкрыецца для катання 15 лютага, у суботу, расказалі ў парку актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп».
У горадзе снегу няшмат. Снежныя гарматы для вытворчасці снегу на схілах комплексу працуюць з панядзелка, 10 лютага. Калі зімовае надвор’е захаваецца, адкрыюць і лыжныя трасы. Пакуль іх працягваюць пакрываць штучным снегам.
Цэны з мінулага года пакуль не змяніліся. Уваход на цюбінгавы схіл у будні дзень каштуе 10 руб., у выхадныя — 12 руб. Білеты на гарналыжны схіл абыдуцца ў 10 і 15 руб. адпаведна. Уваход на трасу для бегавых лыж — 5 руб. Пракат цюбінгаў незалежна ад дня тыдня каштуе:
- 1 гадзіна — 7 руб.,
- 2 гадзіны — 12 руб.,
- 3 гадзіны — 17 руб.,
- 1 дзень — 20 руб.
Для дзяцей да 12 гадоў і дарослых старэйшых за 60 гадоў прадугледжана зніжка 50%.