Зялёны лабірынт вырашылі стварыць у новым парку на Курчатава каля царквы, якая будуецца. Ён будзе з туй і зойме 20 кв. м.

Для лабірынта выбралі хуткарослы і найменш пераборлівы выгляд туй «Смарагд». Усяго высадзяць 700 дрэў вышынёй 1,3 м.

Жывы лабірынт на Курчатава будзе 20×20 м. Да гэтага часу адзіны для Гродна такога тыпу лабірынт быў у парку ў Каробчыцах, і нашмат меншы.

Першапачаткова «Гродназелянбуд» планаваў пасадзіць зялёны лабірынт у парку Жылібера ў цэнтры Гродна. Ён павінен быў з’явіцца злева ад танцпляца, паміж ім і вяровачным мястэчкам, і не з туй, а з вечназялёнага хмызняку. Пазней на прадпрыемстве перадумалі.

«Выбар туі незразумелы»

Выказаць сваё меркаванне пра лабірынт гродзенцам прапанавалі пад супольным пастом у Instagram гарвыканкама, адміністрацыі Ленінскага раёна і «Гродно Плюс».

За суткі пост сабраў усяго шэсць каментароў. Іх аўтары пахвалілі ідэю і размяшчэнне будучага лабірынта. Адзін з іх прапанаваў усё ж зрабіць лабірынт большым, чым задумана, «пакуль не позна». Двое ж раскрытыкавалі выбар расліны для лабірынта:

«А можа вывучыць што ў Пецярбургу, напрыклад, рабілі. Варта толькі ўзяць правільную расліну… і зімой архітэктура і ў ліпені вау эфект выбар туі наогул не зразумелы».

«Туя смарагд для вертыкалі, гэта замена ў дызайне кіпарыса ў нашых шыротах. Для платоў зусім іншыя гатункі. Вядома можна і з смарагда зрабіць…»