Дом 1890 года пабудовы на Вялікай Траецкай, 23 чакаў рамонту 35 гадоў. Апошнія гады гараджане жылі ў аварыйных умовах: падлогі правальваліся, сцены абсыпаліся, а замест газаправода даводзілася карыстацца прывазнымі балонамі з газам. Пасля таго як рэдакцыя Hrodna.life распавяла аб праблеме, гродзенскі ЖКГ усё ж вырашыў адрамантаваць будынак.

Інфармацыя аб правядзенні капрамонту з’явілася на сайце дзяржзакупак.

Будаўнічы праект капрамонту дома на Вялікай Траецкай, 23 распрацуюць да 25 ліпеня 2025 года. Падрыхтоўка праекта абыдзецца ЖКГ у 23,4 тыс. руб.

Плануецца адрамантаваць фасады дома, узмацніць фундамент, замяніць кроквенную сістэму і пакрыццё даху. Таксама заменяць інжынерныя сеткі і абновяць электраабсталяванне будынка.

Раней адзін з жыхароў дома адзначаў, што да мясцовых уладаў звярталіся не аднойчы. Аднак выніку гэта не прынесла — уладальнікі кватэр меркавалі, што дом «хутчэй складзецца, чым яго адрамантуюць».

Таксама капітальны рамонт правядуць у доме 1887 пабудовы па вуліцы Маладзёжная, 9. Падрыхтоўка праекта абыйдзецца ў 16,1 тыс. руб. Падрыхтаваць праект павінны да 25 ліпеня 2025 года.

Чытайце таксама: Гродзенка паказала, як выглядае двор на Гогаля пасля капрамонту