На 15% скарацілася колькасць супрацоўнікаў Гродзенскага мясакамбіната за дзевяць месяцаў 2024 года. На 1 студзеня на прадпрыемстве працавалі 2832 чалавекі, а на 1 верасня — ужо 2410. Дадзеныя пра беларускія арганізацыі, якія ў мінулым годзе страцілі найбольш супрацоўнікаў, апублікавалі «Кіберпартызаны».
ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» заняў 10-е месца ў краіне па колькасці звольненых супрацоўнікаў. Усяго за дзевяць месяцаў 2024 года ў Гродзенскай вобласці перасталі працаваць больш за 11 000 чалавек.
Якія яшчэ кампаніі з Гродзенскай вобласці масава скарачалі супрацоўнікаў?
У топ-10 прадпрыемстваў па змяншэнні колькасці супрацоўнікаў па інфармацыі «Кіберпартызанаў» увайшлі яшчэ тры фірмы, зарэгістраваныя ў Гродзенскай вобласці. Гэта «ЗахадХімТорг» з Іўя, якая кіравала сеткай крам «Остров чистоты и вкуса», а таксама звязаныя з ёй «ЗахадХімІнвест» і «ЗахадХімСэрвіс». Усяго гэтыя кампаніі звольнілі 3800 чалавек.
Кампаніі некалі паспяховага бізнесмена Віктара Рамука аказаліся на мяжы банкруцтва і ліквідацыі. Брэнд «Остров чистоты» выкупіла кампанія «АйландГруп», якая зноў адкрыла частку крамаў увосень 2024 года.
Скарачэнні ў ЖКГ, на заводах і ў бальніцах
У многіх раёнах Гродзенскай вобласці лідарамі па скарачэнні колькасці супрацоўнікаў сталі камунальныя гаспадаркі. Зэльвенская ЖКГ страціла 27 супрацоўнікаў, Ваўкавыская камунальнае гаспадарка — 46, Скідзельская ЖКГ — 39, Іўеўская ЖКГ — 45.
Сярод прадпрыемстваў: агракамбінат «Скідзельскі» страціў 81 супрацоўніка, ААТ «Мастоўдрэў» — 62.
Медыцынскія ўстановы таксама пацярпелі. Штат Воранаўскай раённай бальніцы зменшыўся на 16 чалавек, Навагрудскай бальніцы — на 24, Шчучынскай бальніцы — на 31. На прадпрыемстве «Лідаспецаўтатранс» звольнілі 123 супрацоўнікі — усіх, акрамя аднаго.
«Люстэрка» праверыла інфармацыю «Кіберпартызанаў». Па некаторых прадпрыемствах лічбы звальненняў супадаюць, па іншых ёсць разыходжанні са статыстыкай сярэдняга штату супрацоўнікаў за год, якую публікуе сэрвіс kartoteka.by.
Беларускія незалежныя медыі маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!