Бізнэсоўца Станіслава Буйніцкага абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у значнай суме. ТАА «Форт», у якім ён адзін з саўладальнікаў, валодае будынкам на Будзёнага, 48а, дзе знаходзіцца Генеральнае консульства Польшчы. Сам 72-гадовы Буйніцкі з 1999 года жыве ў Беластоку.
Абноўлена. Як стала вядома MOST, астатнія ўласнікі будынка таксама фізічныя асобы, грамадзяне Польшчы. Лёс будынка ўласнікі абмяркоўвалі па лініі МЗС Польшчы яшчэ ў ліпені 2024 года. Ужо тады ім было вядома пра арышт. Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, кажа, што ўласнікі ўважаюць такія дзеянні незаконнымі, бо «паводле міжнародных дамоў нельга арыштаваць будынак, дзе знаходзіцца генконсульства».
Следчы камітэт 31 студзеня 2025 года завёў супраць Станіслава Буйніцкага крымінальную справу паводле арт. 243 ч. 2 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры).
Нерухомасць на вуліцы Будзёнага, 48А арыштавалі або канфіскавалі ўжо некаторы час таму, паведаміла адна з крыніц Hrodna.life. Улетку 2024 прапагандысцкія Telegram-каналы публікавалі інфармацыю, якая дыскрэдытуе «Форт»: нібыта прадпрыемства брала велізарныя грошы за арэнду і не сачыла за станам нерухомасці. Таксама фірму абвінавачвалі ў тым, што яна не хоча мяняць шыльду з назвай вуліцы пасля таго, як адрас Будзёнага, 48А памянялі на праезд Эміля Чачко, 2.
Чым вядомы дом на Будзёнага, 48А?
У 1990-я Станіслаў Буйніцкі быў намеснікам старшыні Саюза палякаў на Беларусі. Эміграваў у Польшчу з палітычных прычын, атрымаў польскае грамадзянства. Пры гэтым праз фірму «Форт» працягваў валодаць офісным будынкам на Будзёнага, 48А. Дзякуючы гэтаму будынак быў ледзь не адзіным месцам у Гродне, дзе маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычын адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах.