Праект новага будынка ў квартале на рагу вуліц Магістральнай і Якуба Коласа вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Першы раз такое абмеркаванне праходзіла летам 2024 года, але праект не спадабаўся жыхарам Гродна, і гарвыканкаму давялося накіраваць яго на дапрацоўку.
Асноўная ідэя праекта — замяніць раней запланаваную блакіраваную малакватэрную забудову і дзіцячы сад яшчэ адным шматкватэрным жылым домам на 6−8 паверхаў. Пры гэтым абяцаюць павялічыць плошчу рэкрэацыйнай зоны і азелянення. Паміж існуючымі дамамі і новай забудовай з’явіцца сквер. Застанецца і прынцып «двароў без машын» — стаянкі размесцяць уздоўж існуючага праезду.

У выніку карэкціроўкі праекта разліковая колькасць жыхароў павялічыцца на 103 чалавекі і на 93 кватэры ў параўнанні з першапачатковымі разлікамі (1856 чалавек замест 1753 і 793 кватэры замест 700). Аддзел адукацыі сцвярджае, што існуючыя ў раёне ўстановы адукацыі недаўкамплектаваныя і змогуць забяспечыць разліковую колькасць вучняў.




Што хацелі пабудаваць спачатку і чаму праект змянілі?
Дамы на Магістральнай былі пабудаваныя ў 2021−2023 гадах. Паводле першапачатковых планаў, квартал павінны былі дапоўніць два таўнхаусы, пабудаваныя «змейкай», на 12 і 14 кватэр з асобным уваходам у кожную і невялікім участкам, а таксама дзіцячы сад на 70 месцаў. Але забудоўшчык прапанаваў замест гэтага пабудаваць яшчэ 141 кватэру ў шматпавярховым доме з пераменнай паверхавасцю — на 6−8−10 паверхаў.
Гэтыя прапановы выклікалі крытыку гродзенцаў падчас грамадскіх абмеркаванняў. Чыноўнікі прыслухаліся да гараджан і адмянілі будаўніцтва 10-павярховага дома. Праект накіравалі на дапрацоўку ў «Гроднажылбуд». У выніку цяпер гродзенцам прапануюць дом на 6−8 паверхаў і з меншай колькасцю кватэр.


Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні і куды звяртацца?
Грамадскае абмеркаванне праекта адбудзецца з 29 студзеня па 12 лютага 2025 года. У гэты перыяд з праектам можна будзе азнаёміцца з панядзелка па пятніцу з 8:00 да 13:00 і з 14:00 да 17:00 у вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта (пл. Антонія Тызенгаўза, 3).
Прэзентацыя праекта адбудзецца 6 лютага, а 15:00 у кабінеце № 1 (1 паверх) па тым жа адрасе.
Заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання прымаюцца з 29 студзеня па 12 лютага 2025 года ў пісьмовай або электроннай форме з пазнакай «грамадскае абмеркаванне» па наступных адрасах:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, паштовы адрас: пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна.
E-mail: [email protected]. - Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, паштовы адрас: пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна.
E-mail: [email protected]. - У пісьмовай форме, у журнале ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.
Заўвагі будуць разгледжаныя гарадскім архітэктурна-гарадабудаўнічым саветам. Інфармацыю пра вынікі размесцяць на сайце Гродзенскага гарвыканкама да 26 лютага 2025 года.