Пешаходны мост праз яр у раёне вуліцы Фамічова ў Гродне адкрылі пасля капітальнага рамонту. Адкрывалі яго з музыкай і невялікім феерверкам пры ўдзеле кіраўніцтва горада і рэгіёна.
Рэканструкцыя моста пачалася летам 2024 года. Фактычна на месцы старога, які быў дэмантаваны, пабудавалі зусім новы мост. Фотаздымкі з урачыстага адкрыцця моста былі апублікаваны каналам «Пул 4 Регион».
Дах зрабілі з трывалага полікарбаната. Таксама на мост правялі знешняе і ўнутранае асвятленне. Упарадкавалі і тэрыторыю каля моста: абсталявалі пешаходныя дарожкі і пандусы.



Стары пешаходны мост праз яр на вуліцы Фамічова прызналі аварыйным і закрылі ў 2022 годзе. Высветлілася, што праектную дакументацыю да яго страцілі і ўсё трэба было ствараць нанова.
Рэканструкцыя павінна была каштаваць гораду 5 190 954 руб. ($ 1,6 млн).
Гэта адзіны на дадзены момант, але не першы крыты мост у Гродне. У пачатку 1990-х дах меў мост паміж Старым і Новым замкамі. Калі частка даху ўпала на людзей, яго прыбралі.