У Гродне ўсё лепш, чым у іншых гарадах, лічыць бізнес-аналітык Святлана. Але пры гэтым тут не хапае сучаснай публічнай бібліятэкі з каворкінгам, выстаў, зон адпачынку і нармальнага рамонту дарог. Пра тое, чаго не хапае беларускім гарадам, devby.io спытаў беларусаў.
Плюсы Гродна
Іншы менталітэт. Гродна знаходзіцца побач з Еўрасаюзам, таму менталітэт жыхароў у рэгіёне адрозніваецца ад іншых частак краіны. Падобны менталітэт можна сустрэць у жыхароў Брэста. Гэта цяжка апісаць словамі, але лёгка адчуць, лічыць Святлана. Пры стасунках з жыхарамі Гомеля, Магілёва і Віцебска яна заўважае, што погляды на «нармальнасць» у іх і гродзенцаў адрозніваюцца.
Вышэйшы ўзровень дастатку. У Гродне людзі больш актыўна шукаюць магчымасці для заробку.
Кампактны і атмасферны. Гродна больш камфортны для жыцця дзякуючы сваёй кампактнасці, цікавай атмасферы і аўтэнтычнасці. У адрозненне ад яго, Мінск з яго шырокімі праспектамі і адкрытымі прасторамі здаецца дзяўчыне менш утульным.
Мінусы Гродна
Няма сучаснай бібліятэкі. Жыхарам Гродна не хапае сучаснай публічнай бібліятэкі з кніжным фондам, які б пастаянна абнаўляўся, каворкінгамі і кафэ.
Не хапае культурных мерапрыемстваў. У горадзе адчуваецца дэфіцыт культурных мерапрыемстваў - канцэртаў, балетаў, выстаў з экспазіцыямі, якія рэгулярна змяняюцца. Музеі горада можна абыйсці за кароткі час, і далёка не ўсе з іх цікавыя. Тым не менш новыя месцы з’яўляюцца. Дзяўчына раіць наведаць нядаўна адкрыты Стары замак.
Шашлык на галоўнай плошчы. У Гродне шмат устаноў грамадскага харчавання, сярод якіх ёсць сапраўды добрыя і папулярныя месцы. Але размяшчэнне шашлычных на галоўнай плошчы выклікае негатыўныя эмоцыі: нягледзячы на іх запатрабаванасць і прыбытак, гэта псуе знешні выгляд горада. У дзяўчыны «сэрца абліваецца крывёю кожны раз», калі яна гэта бачыць.
Няма інтэрактыўных музеяў і адукацыйных цэнтраў. Гродна мог бы ўпрыгожыць інтэрактыўны навуковы музей, падобны да барселонскай CosmoCaixa або варшаўскага Цэнтра навукі Каперніка. Такі праект стаў бы спалучэннем навучання і забавы для людзей усіх узростаў.
Якасць дарог і транспартная інфраструктура. Стан дарог у Гродне далёкі ад добрага. Рамонт робяць па прынцыпе «Зімой залатаем гэтую яму, пажадана ў снег або дождж», адзначае айцішніца. Сітуацыю палепшылі нядаўна пабудаваныя аб’язныя дарогі. Навігацыя ў горадзе працуе спраўна, праблем з «Яндэкс.Картамі» няма.
Мала паркаў і зонаў адпачынку. У Гродне не хапае паркаў з развітой інфраструктурай. Зараз іх выбар абмежаваны паркам Жылібера і Пышкамі, якія нельга назваць прыкладамі добраўпарадкаваных зон адпачынку. Таксама мала чыстых вадаёмаў.
Неразвітая дастаўка, няма карыснага харчавання. Гродна мае патрэбу ў развіцці дастаўкі прадуктаў ці гатовых карысных рацыёнаў. Фастфуду шмат, але купіць нешта простае і здаровае для абеду досыць складана.
Чытайце таксама:
- ЛГБТ-персоны шпацыруюць свабодна, міліцыі мала, але прыстойных кафэ няма. Мінчук выказаўся пра Гродна-гродзенцы яму адказалі
- На Вялікай Траецкай нельга жыць з-за дрэннай энергетыкі: расіянка з’ездзіла ў Гродна і падзялілася ўражаннямі