Гродзенская трэвэл-блогерка Вольга Travel звярнула ўвагу на набор сувенірных паштовак XIX стагоддзя. Там на гербе Гродзенскай губерні замест зубра намалявана зебра. Hrodna.life разабраўся, як так атрымалася.
Гродна – край свету, тут нават зебры жывуць
У сваім Instagram Вольга падзялілася фатаграфіяй паштоўкі і выказала меркаванне, што адзіным магчымым тлумачэннем такога гістарычнага казусу можа быць памылка з літарамі “у” і “е”. «Нічога дзіўнага, што ніхто не хацеў сюды ехаць. Дзічына, край свету, нават зебры жывуць!» – напісала гродзенка.
Хто намаляваў зебру на гербе Гродна?
Вользе трапілася калода так званых “адукацыйных карт” – яе ў 1827 годзе падрыхтаваў мастак Канстанцін Грыбанаў. Апроч масцей, на картах размяшчаліся гербы расійскіх губерняў, іх жыхары ў народных строях і нават спрошчаныя геаграфічныя мапы.
Калода не задумвалася як гульнявая – у першую чаргу яна прызначалася дзецям. І, па словах рэкламы тых часоў, дзеці маглі “злучыць прыемнае з карысным, і ў нявіннай забаве наглядна азнаёміцца са статыстычным і палітычным апісаннем нашай дарагой Айчыны».
Як экзатычная жывёла замяніла зубра?
Герб Гродзенскай губерні з зубрам зацвердзілі ў ліпені 1802 года. Аднак тлумачальных выданняў з малюнкамі губернскіх гербаў да часу выдання карт Грыбанава яшчэ было недастаткова. Спецыяльны том Поўнага збору законаў, які змяшчае малюнкі гербаў расійскіх гарадоў і губерняў (“Кніга чарцяжоў і малюнкаў”), выйдзе толькі праз год пасля карт Грыбанава.
Часам малюнак герба трапляўся. Але часта зубр маляваўся вельмі прыблізна. Затое было шмат тэкставых апісанняў. Хутчэй за ўсё, менавіта апісанне і паслужыла рэферэнсам для стварэння малюнка. Відаць, мастак памыліўся пры чытанні апісання, альбо проста не ведаў, што такое “зубр” і выправіў памылку на свой лад.
Так на калодах Грыбанава замест зубра з’явілася зебра.
Памылка мастака засталася незаўважанай. Зебру прадублявалі і на пазнейшых варыянтах карт, якія выпусцілі ў 1856 годзе.
Больш за тое, зебры з’явіліся і на гузіках віцмундзіраў чыноўнікаў Гродзенскай губерні.
Чытайце таксама: 120 гадоў таму ў Гродне друкавалі цукерачныя абгорткі для ўсёй Расійскай імперыі. Польскі калекцыянер знайшоў іх у Беластоку





