Гродзенка купіла клубніцы ў шакаладзе ад кавярні MyLoverBerry і вырашыла пакаштаваць яе на відэа. Дзяўчыну чакаў непрыемны сюрпрыз: пасля першага ўкусу яна зразумела, што клубніца сапсаваная, а зняўшы шакалад, убачыла цвіль.

Адна ягада ў шакаладзе каштавала 7 рублёў. З моманту пакупкі, па словах дзяўчыны, прайшло менш за суткі, і дзве іншыя куленыя клубніцы былі ў добрым стане. Таксама яна купіла ў кавярні маліны ў шакаладзе і дубайскі шакалад, але “там сітуацыя лепшая”. Відэа з няўдалай дэгустацыяй дзяўчына апублікавала ў TikTok.

Адна з каментатарак пад відэа падзялілася, што чатыры разы купляла клубніцы ў шакаладзе ў MyLoverBerry і ўсе разы яны былі сапсаваныя. Іншая купляла там наборы ягад і сапсаваныя былі “як мінімум адна-дзве”. Яшчэ некалькі чалавек паскардзіліся на свой негатыўны досвед:

“Проста шок… але я ўжо падобнае не першы раз бачу”

“У мяне такая ж сітуацыя была, толькі ў Мінску ў кавярні, пірожнае было з цвіллю”.

“Мне падарылі букет з клубніцамі ў шакаладзе, як раз і Гродна і гэтай крамы, я атруцілася на наступны ж дзень, больш наогул не магу есці, страшна”.

Пісалі таксама, што да адкрыцця кафэ, пакуль брэнд працаваў толькі на дастаўку, сервіс і якасць былі лепшымі. Скардзіліся на дрот у дэсерце, на сырыя ўнутры сырнікі, несалёную яечню і дрэнны сервіс. Шмат скаргаў было і на кавярню ў Мінску.

Каментатары спачувалі аўтарцы відэа, раілі выпіць прабіётыкі, вярнуць няякасны прадукт і адпраўлялі да канкурэнтаў – у кафэ “Ягода”. Таксама звярталі ўвагу, што прычына можа быць у тым, што мытыя клубніцы псуюцца вельмі хутка – цвіль пад шакаладам можа вырасці і за дзве-тры гадзіны. Адна з дзяўчын адзначыла сезоннасць прадукта: “Як паказвае досвед: усяму свой час. І якасць, і кошт будзе на вышыні”. Былі ўсё ж і тыя, хто хваліў прадукцыю:

“Шмат разоў атрымлівала дастаўку з іх клубніцамі і тд. і ўсё было выдатна”.

Аўтарка відэа таксама напісала ў Instagram кавярні. У якасці кампенсацыі ёй прапанавалі “выбачальныя 4 клубнічкі”.

Ад першага бізнэсу да сеткі і спробы продажу

Кафэ Myloverberry на Кірава, 3 адкрылася год таму – і ў першыя дні там не заўсёды можна было знайсці вольнае месца. Інтэр’ер зрабілі “інстаграмным” і ружовым. Кафэ-кандытарская спецыялізуецца на клубніцах у шакаладзе, але ў меню ёсць і сняданкі, і безалкагольныя кактэйлі, і алкаголь. 

Бізнэс запусціла сямейная пара Арцёма і Ксеніі Быкоўскіх. Першая ўстанова адкрылася ў 2022 годзе, калі маладым людзям было па 19 гадоў. З часам бізнэс ператварыўся ў сетку кандытарскіх, і беларусам удалося дасягнуць абароту ў 2,5 млн рублёў у год.

Восенню 2024 года сетку выставілі на продаж. За гатовы бізнэс з вытворчасці і трох устаноў (дзве ў Мінску і адна ў Гродне) хацелі $400 тысяч.