Напярэдадні гадавіны паўстання 1863 года з магілы ксяндза Адама Фалькоўскага, расстралянага царскімі ўладамі ў Лідзе, знік памятны камень. На прапажу звярнулі ўвагу лідчане, якія хацелі ўшанаваць памяць святара, піша сайт палякаў у Беларусі Znadniemna.pl.
Хто здзейсніў акт вандалізму — невядома. У студзені 2024 года магілу Адама Фалькоўскага ўжо спрабавалі апаганіць, тады невядомыя зацерлі герб паўстання 1863−1864 гадоў.
За што расстралялі Адама Фалькоўскага
Ксёндз Адам Фалькоўскі нарадзіўся ў 1812 годзе на Падляшшы. Пасля навучання ў Віленскай семінарыі яго пасвяцілі ў святары ў 1841 годзе ў Гродне. Быў настаяцелем касцёла ў Кузніцы, а ў 1854 годзе яго перавялі ў касцёл вёскі Ішчална (Шчучынскі раён).
Падчас паўстання 1863 года ён зачытаў маніфест паўстанцаў і заклікаў сваіх вернікаў далучыцца да паўстання. За гэта яго арыштавалі, нягледзячы на тлумачэнне, што ён нібыта рабіў гэта пад прымусам быць пакараным з боку паўстанцаў. У чэрвені 1863 года яго расстралялі ў Лідзе каля дарогі на аграгарадок Крупава.
Каб захаваць магілу ксяндза, лідчане ладзілі пікеты
Месца пахавання людзі абклалі камянямі. У часы Расійскай імперыі паліцыя часта іх раскідвала. У 1919 годзе на магіле ўсталявалі крыж, але той у 1940 годзе знішчылі камуністы.
Крыжы, якія ўсталёўвалі ў 1990-я гады лідскія актывісты, таксама зносілі. З 2004 года магіла ксяндза была пазначана неафіцыйна, але ў верасні 2010 года перад «Дажынкамі» яе прыбралі бульдозерамі. Моладзь пяць дзён ладзіла пікет на месцы пахавання. У выніку лідскія чыноўнікі прапанавалі ўсталяваць памятны камень.