У Гродне састарэлыя тралейбусы заменяць новым нізкападлогавым транспартам. На прыпынках з’явяцца электронныя табло, а замест кампосцераў усталююць спецыяльную сістэму для аплаты праезду банкаўскай карткай.
Гродзенскі аўтапарк закупіць 14 нізкападлогавых тралейбусаў
У 2024 годзе аўтобусны парк Гродна абнавіўся на 6% - усяго закупілі 21 адзінку транспарту. Сярод іх: восем аўтобусаў-«гармонікаў», тры звычайныя аўтобусы, столькі ж — прыгарадных аўтобусаў сярэдняй умяшчальнасці і сем тралейбусаў.
Плануецца, што ў бліжэйшы час набудуць яшчэ 14 нізкападлогавых тралейбусаў. Яны заменяць састарэлыя мадэлі з прыступкай.
У грамадскім транспарце з’явяцца апараты для аплаты карткай
Аўтапарк ужо набыў спецыяльнае абсталяванне для аплаты праезду банкаўскай картай, распавёў газеце «Гродзенская праўда» намеснік дырэктара па перавозках аўтобуснага парка Гродна Андрэй Эйсмант. Абсталяванне з’явіцца ў грамадскім транспарце, але дакладных тэрмінаў усталёўкі апаратаў пакуль не паведамляюць.
Гродзенцы па-ранейшаму могуць аплачваць праезд праз дадатак «Оплати», а таксама папяровымі талончыкамі. Паведамляецца, што нават пасля ўвядзення новай сістэмы аплаты, праехацца ў транспарце з папяровым білетам будзе ўсё яшчэ можна.
У Грандзічах памяняюць маршрутную сетку
У раёнах, якія актыўна забудоўваюцца, расце і запатрабаванне ў транспарце. Таму гродзенскі аўтапарк разглядае пытанне змянення маршрутнай сеткі ў Грандзічах.
Таксама ў новым годзе прыпынкі плануюць абсталяваць электроннымі табло. Цяпер у Гродне ўстаноўлена 47 такіх табло. Новыя з’явяцца на прыпынках, дзе назапашваецца больш за ўсё пасажыраў. Аднак калі яны з’явяцца — пакуль незразумела. «Для падключэння табло патрэбна крыніца забеспячэння, а яны ёсць не ўсюды», — адзначыў Эйсмант.
Чытайце таксама: Найстарэйшы ў Беларусі тралейбус дагэтуль курсіруе па Гродне: ён адзіны такой мадэлі ў горадзе