Фартыфікацыйныя збудаванні з’явіліся каля Гожскага палігону, у 6 км ад мяжы з Літвой і закрытага зараз памежнага пераходу «Прывалка» («Райгардас»). Іх добра відаць на спадарожнікавых здымках. Пра што яны сведчаць, расказалі эксперты.
Здымкі зрабіла кампанія Planet Labs 14 снежня 2024 году каля паўночна-заходняй часткі палігону. Іх прааналізавала «Радыё Свабода».
У лістападзе 2024 года на ўсходнім баку дарогі да памежнага пункта «Прывалка» вайскоўцы выкапалі траншэю даўжынёй 340 м і шырынёй 5−7 м. У ёй можа праехаць танк. Паводле зямельнага кадастру, гэты ўчастак не належыць да тэрыторыі палігона.
На заходнім баку дарогі выкапалі пяхотныя акопы даўжынёй каля 200 м, а таксама там бачныя асобныя ўмацаванні і яміны.
Акопы ў заказніку
Тэрыторыя, дзе з’явіліся ўмацаванні, уваходзіць у рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Гродзенская пушча», створаны для аховы каштоўнага ландшафту, экалагічных сістэм, рэдкіх раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу.
Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што капанне акопаў у заказніку актыўна пачалося на мяжы 2022 і 2023 гадоў - пасля пачатку вайны ва Украіне. У 2019 годзе засуха і вучэнні на палігоне прывялі да пажару, які пашкодзіў 770 гектараў лесу. Пасля высечкі і зачысткі пашкоджаных тэрыторый заказніка, бліжэй да палігона, у 2022−2024 гадах з’явіліся акопы.
Эколяг назваў акопы даўжынёй 200 м значнай праблемай для жывёл, бо ў іх падаюць і гінуць дробныя жывёлы, а больш буйныя, напрыклад ласі, могуць калечыцца. Выходзячы на асфальт, каб іх абысці, жывёлы рызыкуюць трапіць у аварыі. Акопы размешчаныя на краі заказніка і не закранаюць яго асноўных каштоўнасцяў. Работы такога кшталту ў заказніках забароненыя, акрамя выпадкаў, звязаных з аховай мяжы.
Гэта можа быць частка «вузла супраціву»
Трэці на тэрыторыі Беларусі «вузел супраціву» планавалі ствараць у 2024 годзе як раз у Гродзенскай вобласці. Папярэднія два ўжо з’явіліся ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях у 2023 годзе.
Вузел супраціву — гэта ўчастак мясцовасці, які падрыхтаваны да кругавой абароны і аўтаномнага вядзення баявых дзеянняў нават ва ўмовах адсутнасці сувязі. Таксама няма неабходнасці дастаўляць туды бояпрыпасы і харчаванне. Акрамя гэтага, там ёсць месцы для ўкрыцця асабовага склада, вайсковай тэхнікі і ўзбраення, каб яно было незаўважна няўзброеным вокам.
У Беларусі такія вузлы супраціву запланавалі ствараць у 2023 годзе на найбольш важных накірунках. Абсталяваннем «вузлоў» у большай ступені займаюцца мясцовыя органы ўлады, пасля перадаюць на баланс у тым ліку Узброеных сіл. «Вузлы» вырашылі ўзводзіць на фоне вайны ва Украіне і росту напружання на мяжы з NATO. Памежныя краіны блока, такія як Польшча, Літва ці Фінляндыя, узмацняюць абарону, баючыся нападу з боку Расіі. Беларуская прапаганда падае гэта як нарошчванне ўзбраенняў і агрэсію ў бок Беларусі.
Пра што сведчаць умацаванні? Адказалі эксперты
Прычыны будаўніцтва фартыфікацый могуць быць розныя, лічыць Конрад Музыка, абаронны аналітык, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца даследаваннем і аналізам канфліктаў і бяспекі на постсавецкай прасторы. Па-першае, гэта адпавядае планам беларускага вайсковага камандавання ўмацоўваць межы з Польшчай і Літвой. Па-другое, беларускія вайскоўцы вывучаюць вопыт вайны ва Украіне, дзе значная роля адводзіцца абарончым пазіцыям і акопам. Такім чынам, гэта можа быць частка падрыхтоўкі ўзброеных сіл да магчымых баявых дзеянняў.
Некалькі вайсковых экспертаў, прааналізаваўшы выявы акопаў, згадзіліся, што яны могуць выкарыстоўвацца для абароны ад магчымай атакі з боку Літвы. Таксама яны могуць выкарыстоўвацца для трэніровак беларускіх вайскоўцаў, мяркуе Музыка.
Траншэі абапал дарогі скіраваныя ў бок Літвы, але выглядаюць незавершанымі. Дакладнае прызначэнне шырокай траншэі з усходняга боку дарогі экспертам пакуль незразумелае. У ёй не пабачылі «асаблівага вайсковага сэнсу» з прычыны незвычайнай формы і структуры. Тэарэтычна яе можна выкарыстоўваць як супрацьтанкавы роў, лічыць вайсковы эксперт Міхаіл Жырахаў.
Будоўля фартыфікацый яшчэ можа быць незавершаная. Траншэю могуць пераабсталяваць: накрыць дахам або стварыць як бы бункер, паставіўшы там вагон, як зрабілі каля Кобрына. Абарончая структура пабудаваная каля палігона, і падобных фартыфікацый раней на мяжы з Літвой не сустракалася, падкрэсліў Музыка. Калі ўмацаванні не будуць пашырацца, гэта можа сведчыць пра іх вучэбны характар.
Пазіцыі за акопамі на заходнім баку дарогі размешчаныя ў лесе, што адпавядае вайсковым правілам абароны, заўважыў Музыка. А вось траншэя на ўсходзе мае слабое прыроднае прыкрыццё, што ўскладняе абарону і адступленне.
14 студзеня 2025 года Міністэрства абароны Беларусі абвясціла пра чарговыя вучэнні на Гожскім палігоне. Яны павінны ўдасканаліць прафесійную падрыхтоўку афіцэраў і прадэманстраваць новыя метады вядзення баявых дзеянняў. Аднак на працягу вучэнняў кадры новых акопаў не былі прадстаўлены.